Расійскі “Сбербанк” пацвердзіў атаку на свой дата-цэнтр

Цэнтр апрацоўкі даных расійскага “Сбербанка” ў Саратаўскай вобласці падвергся атацы беспілотнікаў. Гэта пацвердзіў першы намеснік старшыні праўлення банка Аляксандр Ведзяхін.

“Мы пацвярджаем факт атакі на цэнтр апрацоўкі даных. Пры гэтым усе сістэмы і ўсе сэрвісы Сбербанка працуюць штатна”, – заявіў Ведзяхін, перадае “Интерфакс”.

Пацярпелых у выніку атакі не было.

Раней губернатар Саратаўскай вобласці РФ Раман Бусаргін паведаміў пра налёт дронаў і пра пашкоджанні ў горадзе Балакова.

Менавіта ў гэтым населеным пункце знаходзіцца дата-цэнтр “Сбербанка”, будаўніцтва якога яшчэ не завершана. Украінскія OSINT-каналы сёння раніцай называлі яго ў спісе магчыма паражаных цэляў. Паводле іх інфармацыі, у прамзоне Балакова ўспыхнулі шматлікія пажары. Таксама пад ударам маглі знаходзіцца энергетычная інфраструктура і пляцоўка металургічнага завода.