Расійскі губернатар Кажамяка, які часта бываў у Лукашэнкі, пойдзе на павышэнне

Губернатар Прыморскага краю Расійскай Федэрацыі Алег Кажамяка, які ў апошнія гады часта бываў у Аляксандра Лукашэнкі, пойдзе на павышэнне. Сёння прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін і прэм’ер-міністр Міхаіл Мішусцін узгаднілі перастаноўкі ва ўрадзе краіны.

Па выніках сустрэчы кандыдатура Кажамякі накіраваная на зацвярджэнне ў Дзярждуму на пасаду намесніка старшыні ўрада – паўнамоцнага прадстаўніка прэзідэнта ў Далёкаўсходняй федэральнай акрузе.

Алег Кажамяка апошнім часам наведвае Аляксандра Лукашэнку штогод. Адзін з яго візітаў скончыўся вызваленнем Соф’і Сапегі, затрыманай разам з Раманам Пратасевічам пры пасадцы самалёта Ryanair у 2021 годзе.

Падчас апошняга візіту Кажамякі ў чэрвені гэтага года Лукашэнка прасіў яго стаць пасярэднікам у гандлі з Паўночнай Карэяй. Да гэтага губернатар Прыморскага краю таксама прасоўваў ідэю беларускага порта на Далёкім Усходзе РФ, аднак у чэрвені гэтага года прызнаў, што яна адпраўленая ў рэзерв.