Расійскі дрон разбурыў пад’езд пяціпавярховіка ў Кіеўскай вобласці. Пад заваламі могуць знаходзіцца 8 чалавек

У выніку расійскай атакі беспілотнікаў у Вышгарадскім раёне Кіеўскай вобласці разбурана частка пяціпавярховага жылога дома. Пацярпелі два чалавекі, пад заваламі могуць знаходзіцца яшчэ 8, паведамляе Дзяржаўная служба Украіны па надзвычайных сітуацыях (ДСНС).

Паводле даных ратавальнікаў, ударам разбураны пад’езд жылога дома з першага па пяты паверх. Узнік пажар. З будынка эвакуіравалі дзевяць чалавек.

Кіраўнік Кіеўскай абласной ваеннай адміністрацыі Цімур Ткачэнка паведаміў, што сярод пацярпелых падлетак, які атрымаў множныя асколачныя раненні рукі. Яго шпіталізавалі. У 22-гадовай дзяўчыны дыягнаставалі рэзаныя раны ступні, медыцынскую дапамогу ёй аказалі на месцы. Акрамя таго, у выніку атакі пашкоджаны памяшканне крамы і размешчаны побач будынак дзіцячага сада. Апошні пацярпеў ад выбуховай хвалі.

На месцы працягваюцца аварыйна-выратавальныя і пошукавыя работы. Ратавальнікі разбіраюць разбураныя канструкцыі, да пошукаў прыцягнуты кінолагі, піратэхнікі і інжынерная тэхніка. Таксама разгорнуты пункт дапамогі ДСНС.

Паводле даных Паветраных сіл УСУ, у ноч на 22 лістапада Расія атакавала Украіну 186 беспілотнікамі розных тыпаў, уключаючы Shahed, «Гербера» і дроны-імітатары «Пародия». Сярод іх было 72 рэактыўныя беспілотнікі.

Запускі ажыццяўляліся з Арла, Курска, Мілерава, Шаталава і Прыморска-Ахтарска ў Расіі, а таксама з акупаваных тэрыторый Данецкай вобласці і Крыма. Паводле даных на 8:00, украінская супрацьпаветраная абарона збіла або падавіла 161 беспілотнік, у тым ліку 56 рэактыўных. Траплянні зафіксаваны ў 18 лакацыях, падзенне абломкаў збітых дронаў яшчэ ў 6.