Расійскі беспілотнік парушыў паветраную прастору Польшчы

Расійскі беспілотнік сёння ўначы падчас чарговага налёту на Украіну парушыў паветраную прастору Польшчы. Пра гэта праінфармавала Аператыўнае камандаванне Узброеных сіл Польшчы. Парушэнне было кароткачасовым.

“У адказ на пагрозу Аператыўнае камандаванне Узброеных сіл Польшчы актывавала неабходныя сілы і сродкі СПА. Аб’ект бесперапынна адсочваўся ваеннымі радыёлакацыйнымі сістэмамі па ўсёй траекторыі палёту. Сітуацыя пастаянна кантралявалася, і быў дадзены дазвол на збіццё аб’екта.

Пасля таго, як БПЛА змяніў курс на ўсход, улічваючы патэнцыйную пагрозу для грамадзянскага насельніцтва і магчымыя наступствы збіцця аб’екта, было прынята рашэнне ўстрымацца ад прымянення зброі з-за захавання рызыкі пашкоджання”, – гаворыцца ў паведамленні камандавання.

Тып беспілотніка не ўдакладняецца.

Нагадаем, на мінулым тыдні ў Польшчу заляцелі і ўзарваліся тры расійскія ракеты Х-101.