Александр Новак. Скриншот видео
Атакі беспілотнікаў на расійскія НПЗ паўплываюць на аб’ёмы здабычы нафты ў Расіі ў 2026 годзе. Гэта вынікае са слоў віцэ-прэм’ера расійскага ўрада Аляксандра Новака.
“У нас часткова назіраецца цяпер зніжэнне аб’ёмаў здабычы ў параўнанні з прагнознымі паказчыкамі, у тым ліку гэта звязана з недазагрузкай нафтаперапрацоўчых заводаў з-за пазапланавых рамонтаў.
Экспарт стабільны, і максімальна выкарыстоўваюцца ўсе магутнасці нашай экспартнай інфраструктуры, якая, у тым ліку, за апошнія некалькі гадоў была пашыраная ў напрамку марскога транспарту”, – сказаў ён, перадае ТАСС.
Новак адзначыў, што зніжэнне здабычы сёлета будзе часовым. Віцэ-прэм’ер таксама запэўніў, што Расія ў стане цалкам адрамантаваць усе НПЗ.
“Безумоўна, усе рамонты, якія праводзяцца на аснове айчынных тэхналогій, айчыннага абсталявання, тут ніякіх праблем няма. Наша кампанія, наша прамысловасць забяспечвае цалкам неабходнымі рэсурсамі і абсталяваннем”, – сказаў ён.
Пакуль жа ўнутраны рынак паліва будуць балансаваць у тым ліку за кошт імпарту.
“Будзем далей забяспечваць маніторынг і балансаванне рынку, у тым ліку і за кошт не толькі павелічэння вытворчасці на ўнутраным рынку, але і дадатковых аб’ёмаў паставак з замежных рынкаў”, – сказаў ён.