Расія разглядае магчымасць аднаўлення трохбаковых перамоў з Украінай

Расія абмяркоўвае магчымасць аднаўлення перамоў з Украінай у трохбаковым фармаце. Пра гэта ішла гаворка на сустрэчы Уладзіміра Пуціна са Стывам Уіткафам і Джарэдам Кушнерам, заявіў памочнік Пуціна Юрый Ушакоў.

«Нейкія кантакты ёсць, але цяпер гаворка ідзе пра аднаўленне перамоўнага працэсу з Украінай, які раней меў месца. І гэта мы абмяркоўвалі таксама з амерыканскімі калегамі, так што, магчыма, гэты працэс адновіцца ў трохбаковым фармаце», — заявіў Ушакоў расійскаму прапагандысту Паўлу Зарубіну.

Ён дапусціў, што будучыя сустрэчы могуць адбыцца ў Абу-Дабі.

«Сустракаліся нашы прадстаўнікі, напрыклад, у Абу-Дабі, цалкам можна працягнуць сустракацца і там», — прапанаваў памочнік Пуціна.

Прэс-сакратар Крамля Дзмітрый Пяскоў заявіў, што ў прадастаўленні пляцоўкі для перамоў зацікаўлены «цэлы шэраг краін».

«Але галоўнае – спачатку гатоўнасць, пляцоўка знойдзецца», – адзначыў Пяскоў.

🔥 Падтрымайце Reform.news донатам!