Расія прыгразіла ўзмацніць удары па Украіне пасля заявы Зяленскага

Мінабароны Расіі заявіла, што пасля заявы прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага аб узмацненні ўдараў па расійскіх нафтаперапрацоўчых заводах расійскія войскі ўзмоцняць удары па ваенных і ваенна-прамысловых аб’ектах Украіны.

У ведамстве заявілі, што масіраваныя ўдары па Кіеве і іншых украінскіх рэгіёнах наносяцца ў адказ на дзеянні ўкраінскага боку. Сярод іх расійскае Мінабароны называе ўдары па грамадзянскіх аб’ектах на тэрыторыі Расіі, якія, паводле яго версіі, былі накіраваныя на зрыў галасавання на выбарах у Дзяржаўную думу, атакі на выбарчыя камісіі, а таксама спробу масіраванай атакі больш чым 1600 украінскіх БПЛА на Маскву 19 і 20 верасня.

Таксама ў Мінабароны нагадалі пра атакі на Санкт-Пецярбург у чэрвені 2026 года, якія, паводле сцвярджэння ведамства, былі накіраваныя на зрыў міжнароднага эканамічнага форуму.

Расійскае ведамства таксама абвінаваціла Украіну ва ўдары па жылых кварталах Белгарада мінулай ноччу.

“Пасля сённяшняй заявы Зяленскага ўдары Узброеных Сіл Расійскай Федэрацыі па ваенных і ваенна-прамысловых аб’ектах, а таксама звязанай з імі інфраструктуры ў Кіеве і ў іншых абласцях Украіны будуць узмоцненыя”, – заявілі ў Мінабароны РФ.