Фото: Reform.by
Беларускія тавары можна будзе ўвозіць у Расію без унясення забеспячальнага плацяжу па 30 чэрвеня 2027 года. Як паведамляе беларускае Міністэрства па падатках і зборах, расійскі ўрад прыняў рашэнне падоўжыць перыяд вызвалення ад выплаты плацяжу, які заканчваўся 31 кастрычніка.
“Урадам Расійскай Федэрацыі 30 кастрычніка 2026 г. прынята пастанова № 1424 аб падаўжэнні па 30 чэрвеня 2027 г. перыяду вызвалення ад унясення забеспячальнага плацяжу ў дачыненні да тавараў, якія ўвозяцца ў Расійскую Федэрацыю з Рэспублікі Беларусь”, – гаворыцца ў паведамленні.
Нагадаем, з 1 чэрвеня ў Расіі пачала працаваць сістэма пацвярджэння адпраўкі тавараў (СПАТ). Гэта інструмент кантролю імпарту з краін ЕАЭС. Імпарцёры павінны паведамляць Федэральнай падатковай службе аб будучай пастаўцы тавару не пазней чым за 2 каляндарныя дні да запланаванага ўвозу, а таксама ўнесці забеспячальны плацёж у памеры меркаваных ускосных падаткаў. Пасля гэтага ФПС выдае заяўніку QR-код. Пры ўездзе ў Расію перавозчык павінен прад’явіць яго. Без гэтага кода ўезд будзе забаронены, таксама ў ім адмовяць, калі фактычная пастаўка адрозніваецца ад заяўленай імпарцёрам.