Расія на перамовах у Абу-Дабі вылучыла патрабаванні аб абмежаванні НАТА

Расія на перамовах у Абу-Дабі паўтарала патрабаванні, якія прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін у 2021 годзе вылучаў прэзідэнту ЗША Джо Байдэну. Пра гэта піша “РБК-Украина” са спасылкай на інфармаваную крыніцу.

Нагадаем, у снежні 2021 года Расія накіравала ЗША патрабаванні аб гарантыях бяспекі. Яны ўключалі адмову ад далейшага пашырэння НАТА, скарачэнне ваеннай прысутнасці Альянсу ў краінах, якія сталі яго членамі пасля 1997 года, гэта значыць у дзяржавах Цэнтральна-Усходняй Еўропы, а таксама абмежаванне ваеннага супрацоўніцтва з постсавецкімі дзяржавамі па-за НАТА.

“Паводле іх слоў, маўляў, тое, што Байдэн не пайшоў на іх умовы, прывяло да вайны. Хаця ўсе разумеюць, што справа не ў гэтым. У той жа час амерыканцы спрабавалі сёння падчас перамоваў зразумець, чаго баіцца Расія, што ёй патрэбныя гарантыі бяспекі”, – прыводзіць выданне словы крыніцы.

Падчас перамоваў у аўторак, акрамя будучай архітэктуры бяспекі і гарантый, абмяркоўвалася магчымасць правядзення вялікага абмену палоннымі.

Паводле інфармацыі выдання, другі дзень перамоваў будзе прысвечаны магчымаму спыненню агню, пытанням энергетыкі і бяспекі ў Чорным моры.

Прадстаўнік амерыканскага боку Джарэд Кушнер назваў першы дзень перамоваў натхняльным. Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі таксама заявіў, што яны былі канструктыўнымі і змястоўнымі.