Северный мост в Киеве. ФОто: Википедия
Расійскія войскі атакавалі Паўночны мост у Кіеве. Як паведаміў мэр горада Віталь Клічко, у выніку ўдару пашкоджаныя дарожнае палатно і кантактная тралейбусная сетка. Рух па мосце з левага на правы бераг часова перакрылі.
Паводле даных Паветраных сіл УСУ, у ноч на 3 кастрычніка Расія атакавала Украіну 157 ударнымі беспілотнікамі, у тым ліку Shahed. Сярод іх 45 дронаў былі рэактыўнымі. Да 09:00 украінскія вайскоўцы заявілі пра збіццё або падаўленне 131 беспілотніка. Пападанні зафіксаваныя на 12 лакацыях, яшчэ ў пяці месцах выявілі падзенне збітых дронаў і іх абломкаў.
У Кіеўскай вобласці, паводле даных ДСНС, у выніку расійскага абстрэлу ў пасёлку Гастомель пацярпелі 4 чалавекі, у тым ліку дзіця. Акрамя таго, уначы ратавальнікі тушылі пажары на двух складскіх аб’ектах у Бучанскім раёне.
Нагадаем, 1 кастрычніка расійскія дроны двойчы атакавалі Паўднёвы мост. У выніку аднаго з удараў былі пашкоджаныя дарожнае палатно, агароджа метрапалітэна і іншыя элементы збудавання. 2 кастрычніка Паўднёвы мост таксама падвергся атакам.