Расія атакавала Запарожжа пяццю авіябомбамі. Вядома пра 12 загінулых

У выніку расійскага ўдару па Запарожжы загінулі 12 чалавек, у тым ліку трое дзяцей, яшчэ 14 атрымалі раненні. Двое пацярпелых знаходзяцца ў цяжкім стане.

Як паведаміў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі, расійскія войскі скінулі 5 авіябомбаў на жылыя дамы ў Запарожжы. Працягваюцца пошукава-выратавальныя работы, удакладняецца інфармацыя пра 12 чалавек, якія маглі знаходзіцца пад заваламі.

“Сёння Расія падзякавала за зняцце санкцый на экспарт дызельнага паліва, скінуўшы 5 КАБаў на жылыя дамы ў Запарожжы. На гэты момант, на жаль, вядома пра 12 загінулых, сярод іх трое дзяцей. Выказваю спачуванні ўсім родным і блізкім. Яшчэ 14 чалавек параненыя, стан дваіх з іх цяжкі — урачы змагаюцца за іх жыцці. Высвятляецца інфармацыя пра яшчэ 12 чалавек, якія маглі знаходзіцца там. Усе службы на месцах, працягваюцца пошукава-выратавальныя аперацыі. Уначы пад ударамі апынуліся 13 нашых рэгіёнаў. Ёсць разбурэнні жылых дамоў, інфраструктуры, чыгункі”, – заявіў украінскі лідар.

“Гэтая ноч стала яшчэ адным пацвярджэннем таго, што ў Расіі ўспрымаюць любое аслабленне ціску як сігнал, што ваяваць далей нібыта можна, што скідваць бомбы на гарады нібыта можна. Патрэбныя іншыя сігналы. Расія павінна зразумець, што вайну трэба спыніць, і для гэтага яна павінна адчуваць свае страты. Цяпер менавіта наша далёкасць дзеяння гэта забяспечвае. І нашы адказы на расійскія ўдары будуць. Дзякуй усім, хто дапамагае”, – дадаў ён.

Начальнік Запарожскай абласной ваеннай адміністрацыі Міхаіл Сямікін паведаміў, што ў выніку ўдару па пяціпавярховым жылым доме часткова разбураны адзін з пад’ездаў. Абрушыліся канструкцыі на ўзроўні другога паверха. Удары таксама прыйшліся па некалькіх іншых раёнах горада. 11 кастрычніка ў Запарожжы абвешчаны днём жалобы.

Паводле даных Паветраных сіл УСУ, расійскія войскі атакавалі Украіну 160 ударнымі беспілотнікамі розных тыпаў, у тым ліку 110 рэактыўнымі дронамі Shahed. Украінская супрацьпаветраная абарона збіла або падавіла 117 беспілотнікаў. Траплянні зафіксаваныя ў 14 месцах, падзенне абломкаў збітых дронаў — у 10 месцах.