У ноч на 17 кастрычніка Расія атакавала Украіну балістычнымі і крылатымі ракетамі, а таксама 332 ударнымі беспілотнікамі. Паводле інфармацыі Паветраных сіл УСУ, украінская СПА збіла або падавіла 293 паветраныя цэлі.
Расійскія войскі прымянілі балістычныя ракеты «Іскандэр-М» і KN-23, крылатыя ракеты Х-22/32 і «Калібр», а таксама ўдарныя беспілотнікі розных тыпаў. Траплянні зафіксаваныя ў 22 месцах, падзенне абломкаў збітых цэляў – яшчэ ў трох.
У выніку расійскіх атак ёсць загінулыя і пацярпелыя ў некалькіх рэгіёнах Украіны.
Сёння раніцай былі нанесеныя ўдары 8 кіраванымі авіябомбамі па Сумскай грамадзе, 4 з іх прыйшліся па абласным цэнтры. На ўскраіне Сум зафіксавана траплянне ў жылым сектары, не менш за двух чалавек атрымалі раненні. Працягваецца пошукава-выратавальная аперацыя. Яшчэ адна авіябомба зачапіла шматпавярховы дом і ўпала ў вадаём, паведамілі ў Сумскай АВА.
У Херсонскай гарадской грамадзе адзін чалавек загінуў, яшчэ 13 атрымалі раненні, у тым ліку двое дзяцей. У Херсоне пасля авіяўдару пацярпела сям’я з трох чалавек: 28-гадовая жанчына, 37-гадовы мужчына і месячнае дзіця. Усе яны атрымалі выбуховыя траўмы, закрытыя чэрапна-мазгавыя траўмы і акубаратраўмы. Іх даставілі ў бальніцу ў стане сярэдняй цяжкасці, паведамілі ў Херсонскай гарадской ваеннай адміністрацыі.
У Карабельным раёне Херсона пацярпела 11-гадовая дзяўчынка. У выніку авіяўдару загінуў 64-гадовы кіроўца хуткай медыцынскай дапамогі.
У Запарожжы расійскія войскі ўдарылі па адкрытай тэрыторыі сярод жылой забудовы. Пашкоджаныя шматкватэрныя дамы, загарэліся аўтамабілі. Колькасць пацярпелых вырасла да 5, сярод іх дзіця, паведаміў кіраўнік Запарожскай абласной ваеннай адміністрацыі Міхаіл Семікін.
У Днепрапятроўскай вобласці расійскія войскі амаль 20 разоў атакавалі тры раёны ракетамі і беспілотнікамі. У Дняпры пашкоджана прадпрыемства, загінуў чалавек. У Крывым Рогу пад удар трапіла прамысловае прадпрыемства, там пачаўся пажар. У Зеленадольскай грамадзе пашкоджаны прыватны дом, пад абстрэламі таксама знаходзіліся Нікапаль, Марганецкая і Пакроўская грамады, праінфармаваў кіраўнік Днепрапятроўскай АВА Аляксандр Ганжа.