Фото: t.me/dsns_telegram
Расійскія вайскоўцы ў ноч на 27 верасня атакавалі Украіну 170 ударнымі беспілотнікамі, уключаючы 76 рэактыўных Shahed, паведамілі Паветраныя сілы УСУ.
Паводле даных украінскага боку, супрацьпаветраная абарона збіла або падавіла 147 дронаў. Атакі фіксаваліся з напрамкаў Арла, Курска, Прыморска-Ахтарска і Шаталава ў Расіі, а таксама з акупаваных тэрыторый Данецкай вобласці і Крыма.
Зафіксаваныя пападанні сродкаў паветранага нападу на 18 лакацыях, падзенне абломкаў збітых беспілотнікаў яшчэ на 8.
У Кіеве ў выніку атакі загінуў чалавек. Паводле даных ДСНС Украіны, у Саламянскім раёне беспілотнік трапіў у аднапавярховы будынак СТА, пасля чаго пачаўся пажар. Ратавальнікі прадухілілі распаўсюджванне агню на размешчаную побач установу грамадскага харчавання. У Шаўчэнкаўскім раёне адбылося пападанне ў нежылы будынак. Падчас тушэння пажару ратавальнікі выявілі цела мужчыны. Акрамя таго, пацярпелі тры чалавекі, у тым ліку жанчына і двое 16-гадовых падлеткаў. Іх шпіталізавалі.
У Адэскай вобласці ў выніку масіраванай атакі загінуў адзін чалавек, яшчэ двое атрымалі раненні. Пашкоджаныя вытворчы цэх, складскія памяшканні і грузавыя аўтамабілі, узнік буйны пажар. У іншым раёне вобласці пашкоджаныя фасады і вокны гасцініцы, корпус медыцынскай установы, крама і двухпавярховы жылы дом.
У Запарожскім раёне ў выніку начной атакі загінуў мужчына, яшчэ 4 чалавекі пацярпелі. Пашкоджаныя 10 жылых дамоў, адзін дом цалкам разбураны і загарэўся. Раніцай Расія паўторна атакавала адзін з населеных пунктаў раёна. Ратавальнікі падчас абследавання тэрыторыі выявілі і выратавалі жанчыну, якая аказалася заблакаванай у кватэры.