Рашэнне суда па справе Гараўскага будзе апублікавана да канца кастрычніка

Рашэнне па апеляцыі па справе былога байца беларускага САХР Юрыя Гараўскага, якога абвінавачваюць у датычнасці да знікненняў Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага, будзе апублікавана да канца кастрычніка. Пра гэта піша «Новы Час», які расказаў, што адбывалася ў зале суда.

У 2023 годзе акруговы суд Роршаха апраўдаў Гараўскага. Суд палічыў яго паказанні недастаткова надзейнымі. Сваякі зніклых палітыкаў абскардзілі гэтае рашэнне і дамагаюцца абвінаваўчага прысуду.

Апеляцыйнае слуханне праходзіла сёння ў Кантанальным судзе Санкт-Галена. На цяперашнім пасяджэнні Гараўскі заявіў, што загад аб выкраданні Захаранкі, Ганчара і Красоўскага паступіў ад Аляксандра Лукашэнкі і экс-дзяржсакратара Савета бяспекі Віктара Шэймана праз былога міністра ўнутраных спраў Юрыя Сівакова і экс-камандзіра САХР Дзмітрыя Паўлічэнку. Паводле слоў Гараўскага, загад быў перададзены ў вуснай форме.

На сёння судовае пасяджэнне завершана. Суд абвясціў, што рашэнне будзе апублікавана на афіцыйнай старонцы суда да сярэдзіны кастрычніка. Але папярэдне Алене Захаранцы сказалі ў судзе, што рашэнне будзе вынесена 24 верасня. Таксама суд вырашыць, якая частка інфармацыі па справе будзе даступная публічна, а якая застанецца закрытай.

У 2019 годзе Гараўскі сам прызнаўся журналістам у датычнасці да знікненняў былога міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранкі, былога віцэ-прэм’ера Віктара Ганчара і бізнесмена Анатоля Красоўскага. Усе трое лічацца зніклымі без вестак, іх смерць афіцыйна не пацверджаная. У верасні 2023 года акруговы суд Роршаха апраўдаў Гараўскага. Суддзя палічыў, што некаторыя з паказанняў ён прыдумаў, і заявіў, што яго роля ў выкраданнях не ясная.