«Расатам» плануе да канца года падпісаць рамкавае пагадненне аб будаўніцтве трэцяга энергаблока БелАЭС

«Расатам» разлічвае да канца 2026 года выйсці на падпісанне рамкавага пагаднення аб будаўніцтве трэцяга энергаблока Беларускай АЭС. Пра гэта заявіў генеральны дырэктар дзяржкарпарацыі Аляксей Ліхачоў на галіновым мерапрыемстве «Дзень інфармавання».

“Разам з беларускімі калегамі працуем над фінансавымі і тэхнічнымі ўмовамі будаўніцтва. Да канца года павінны выйсці на падпісанне адпаведнага рамкавага пагаднення”, — прыводзіць яго словы газета “Страна Росатом”.

У цэлым у 2026 годзе «Расатам» плануе запусціць чатыры энергаблокі.

Нагадаем, напярэдадні пра пачатак падрыхтоўкі рамкавага пагаднення паведаміў міністр энергетыкі Беларусі Дзяніс Мароз. Паводле яго слоў, сумесная рабочая група Мінэнерга і «Расатама» ўжо правяла некалькі пасяджэнняў.

Ключавымі задачамі на 2026 год міністр назваў завяршэнне падрыхтоўкі рамкавага пагаднення, падпісанне кантракта і заключэнне міжурадавага пагаднення паміж Беларуссю і Расіяй.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!