«Радыё Свабода»: былы намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама знаходзіцца ў СІЗА КДБ

Былы намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Генадзь Дзенгалёў затрыманы і знаходзіцца ў СІЗА КДБ у Мінску. Пра гэта піша «Радыё Свабода» са спасылкай на крыніцы.

Паводле іх інфармацыі, справа, у рамках якой затрымалі Дзенгалёва, звязаная з фінансамі. Які менавіта артыкул яму інкрымінуецца, у чым заключаюцца прэтэнзіі следства і які ў яго працэсуальны статус, пакуль невядома. Таксама няма інфармацыі, калі менавіта чыноўніка затрымалі.

Апошнія публічныя згадкі Дзенгалёва на пасадзе намесніка старшыні Магілёўскага аблвыканкама адносяцца да пачатку жніўня 2025 года. 7 жніўня ён удзельнічаў у мерапрыемствах да Дня будаўніка, а на 9 жніўня ў яго была запланаваная прамая тэлефонная лінія. Пасля гэтага ён практычна знік з публічнай прасторы.

15 студзеня 2026 года на пасаду намесніка старшыні аблвыканкама па пытаннях будаўніцтва і ЖКГ быў узгоднены Ігар Клішо. Калі менавіта Дзенгалёў пакінуў пасаду, публічна не паведамлялася.

Генадзь Дзенгалёў нарадзіўся ў 1973 годзе ў Бялынічах Магілёўскай вобласці. Ён скончыў Магілёўскі будаўнічы тэхнікум, Беларускую дзяржаўную політэхнічную акадэмію і Акадэмію кіравання пры прэзідэнце.

Большую частку кар’еры Дзенгалёў правёў у будаўнічай галіне. У розныя гады ён працаваў у будаўнічых арганізацыях Магілёўскай вобласці, узначальваў «Магілёўхімрамонт», упраўленне капітальнага будаўніцтва Магілёўскага гарвыканкама і Галоўнае ўпраўленне капітальнага будаўніцтва Кіраўніцтва справамі прэзідэнта. З 2015 года кіраваў «Мінскаблсельбудам».

У 2017 годзе Дзенгалёў узначаліў Барысаўскі райвыканкам. У маі 2022 года яго ўзгаднілі на пасаду намесніка старшыні Магілёўскага аблвыканкама па пытаннях будаўніцтва і ЖКГ.