Пуцін сцвярджае, што Расія гатовая да трохбаковых перамоў з ЗША і Украінай

Расія паведаміла ЗША пра гатоўнасць аднавіць трохбаковыя перамовы з удзелам Украіны для канчатковага вырашэння “пытання забеспячэння бяспекі Украіны і Расіі пасля выхаду на мірныя пагадненні”. Пра гэта Уладзімір Пуцін заявіў, адказваючы на пытанні прапагандыста Паўла Зарубіна.

«У канчатковым іх варыянце, а не ў выніку прыпынення баявых дзеянняў на нейкі кароткі прамежак часу. Мы гатовыя аднавіць гэтыя кантакты для дасягнення гэтай мэты. Пры гэтым прадстаўнік адміністрацыі ЗША звярнуў увагу на тое, што калі мы будзем абмяркоўваць пытанні, звязаныя з забеспячэннем бяспекі ў будучыні і для Украіны, і для Расіі, то, натуральна, трэба будзе гаварыць і пра архітэктуру еўрапейскай бяспекі, згодны. Ну, паглядзім, як будзе развівацца сітуацыя ў найбліжэйшыя дні», – заявіў ён.

Паводле сцвярджэння Пуціна, Расія не хоча ваяваць з Украінай, але гатовая працягваць баявыя дзеянні, калі гэтага хоча ўкраінскае кіраўніцтва.

“Мы не хочам ваяваць з Украінай. Але калі сённяшняе ўкраінскае кіраўніцтва хоча ваяваць, ну няхай ваююць. Але чаму яны лічаць, што ўсе павінны за гэта плаціць і пастаўляць ім зброю?” – сказаў ён.

Пуцін таксама пракаментаваў словы прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага пра гатоўнасць да замарозкі вайны па лініі фронту.

“У мяне, па-першае, стаўленне да гэтай справы такое, што гэта не іх тэрыторыі, гэта тэрыторыі гістарычнай Расіі. Тым больш, што людзі, якія жывуць на гэтых тэрыторыях, прагаласавалі: а – за дзяржаўную незалежнасць, а б – у якасці другога кроку прагаласавалі – хачу гэта падкрэсліць – за ўз’яднанне з Расійскай Федэрацыяй. Так што гаварыць пра нейкія тэрытарыяльныя страты, мне здаецца, недарэчна”, – заявіў ён.

Паводле яго слоў, Расія не рыхтуецца “да якой бы там ні было вайны з Еўропай”.