Фото: pixabay.om
Прэм’ер-міністр Беларусі Аляксандр Турчын падпісаў пастанову, якая ўстанаўлівае ўмовы ўдзелу камерцыйных арганізацый у дзяржаўным сацыяльным заказе ў сферы сацыяльнага абслугоўвання.
«Дакумент падрыхтаваны з мэтай фарміравання ўмоў для развіцця рынку сацыяльных паслуг, прыцягнення прыватных сацыяльных пансіянатаў да іх аказання ў межах дзяржаўнага сацыяльнага заказу, а таксама стварэння дадатковых крыніц задавальнення наяўнага попыту насельніцтва на гэты від сацыяльнага абслугоўвання», — паведамляе прэс-служба ўрада.
Згодна з дакументам, дзяржава зможа закупляць у прыватных арганізацый паслугі стацыянарнага сацыяльнага абслугоўвання для адзінокіх пажылых грамадзян і адзінокіх людзей з інваліднасцю I і II групы — пры іх згодзе.
Кошт такіх паслуг не павінен перавышаць тарыф на сацыяльныя паслугі за суткі, зацверджаны аблвыканкамамі і Мінгарвыканкамам.
Мясцовыя органы ўлады змогуць прадастаўляць прыватным сацыяльным пансіянатам, якія ўдзельнічаюць у дзяржзаказе, ільготы па арэндзе нерухомасці, што выкарыстоўваецца для аказання сацыяльных паслуг.
Акрамя таго, ім можа быць прадастаўлена перавага пры набыцці без таргоў нерухомасці, якая не выкарыстоўваецца або выкарыстоўваецца неэфектыўна і знаходзіцца ў камунальнай уласнасці.
Для ўсіх камерцыйных арганізацый, якія аказваюць стацыянарныя сацыяльныя паслугі, прадугледжаная фінансавая падтрымка праз спецыяльны крэдытны прадукт для сацыяльна значных ініцыятыў. Таксама органы па працы, занятасці і сацыяльнай абароне будуць садзейнічаць навучанню супрацоўнікаў такіх арганізацый навыкам догляду і патрабаванням да зместу і якасці сацыяльных паслуг.
Асобна пастанова рэгулюе аказанне медыцынскай дапамогі атрымальнікам сацыяльных паслуг у камерцыйных арганізацыях. Яе будуць аказваць дзяржаўныя арганізацыі аховы здароўя па месцы знаходжання атрымальнікаў за кошт сродкаў мясцовых бюджэтаў.
Нагадаем, у верасні 2024 года пасля маштабных праверак у Беларусі закрылі каля траціны прыватных дамоў састарэлых і пансіянатаў для людзей з інваліднасцю (11 з 35). У тым жа годзе было ўведзена ліцэнзаванне для недзяржаўных суб’ектаў гаспадарання, якія аказваюць сацыяльныя паслугі з пражываннем пажылым людзям і людзям з інваліднасцю. Па стане на люты 2025 года ліцэнзію змаглі атрымаць толькі 6 прыватных пансіянатаў.