Прыпыненне запісу на італьянскія візы не закранула тураператараў

Беларускія тураператары, якія працуюць на італьянскім напрамку, працягваюць афармляць візы грамадзянам Беларусі. Пра гэта паведамляе РСТА.

Нядаўна стала вядома, што візавы цэнтр Італіі ў Мінску часова прыпыніў запіс на падачу дакументаў. Аднак рашэнне датычыцца толькі індывідуальнай падачы.

Паводле інфармацыі РСТА, турфірмы, якія з’яўляюцца аўтобуснымі аператарамі на італьянскім напрамку і акрэдытаваныя ў італьянскім пасольстве, працягваюць збіраць, правяраць і падаваць дакументы ў звычайным штатным рэжыме.

У панядзелак, 21 верасня, у візавым цэнтры Італіі ў Мінску адбудзецца сустрэча акрэдытаваных турфірм з прадстаўнікамі візавага цэнтра і пасольства Італіі ў Беларусі, на якой будзе ўнесена яснасць — ці будуць нейкія змены для турфірм адносна квот і парадку падачы дакументаў на італьянскія шэнгенскія візы.