Прычынай паветранай трывогі ў Літве стала чарада птушак

У Літве адмянілі абвешчаную раней магчымую паветраную трывогу, піша Delfi. Гэта адбылося пасля таго, як знішчальнікі НАТА ўстанавілі, што зафіксаваныя радарамі аб’екты былі чарадой птушак, а не беспілотнікамі.

Жоўты ўзровень небяспекі быў абвешчаны 13 верасня пасля меркаванага выяўлення дрона ў паветранай прасторы краіны. Папярэджанні атрымалі жыхары Вільні, Віленскага, Тракайскага і Электрэнскага раёнаў.

Для праверкі аб’екта ў паветра падняліся знішчальнікі НАТА. Цяпер паветраную прастору краін Балтыі патрулююць італьянскія Eurofighter Typhoon, якія базуюцца на авіябазе ў Шаўляі.

«Знішчальнікі вылецелі для распазнавання аб’екта. Яны высветлілі, што заўважаныя радарамі аб’екты – гэта чарада птушак. На экранах радараў сілуэты птушак і беспілотнікаў вельмі падобныя, таму для высвятлення абставін патрэбна дадатковая праверка», – паведамілі ў Нацыянальным цэнтры кіравання крызісамі.

У 13:37 Літоўская армія паведаміла, што пагроза мінула.

На час трывогі Віленскі аэрапорт прыпыніў узлёты і пасадкі. Пасля адмены пагрозы праца была адноўлена.

🔥 Падтрымайце Reform.news донатам!