Фота: "Свабода".
«Я не бачу ніякай перспектывы, чаму сёння дзяржава раптам пачала б актыўна ўкладацца ў літаратуру і ў выданні на беларускай мове, хай нават яны лаяльныя і бяззубыя», — так галоўны рэдактар Bellit.info, прэс-сакратар Міжнароднага саюза беларускіх пісьменнікаў і літаратурны крытык Ціхан Чарнякевіч каментуе чарговае скарачэнне беларускамоўнай перыёдыкі.
На тое, што беларускія дзяржаўныя літаратурныя часопісы з 2027 года будуць выходзіць у тры разы радзей, а газета «Літаратура і мастацтва» («ЛіМ») увогуле знікне як самастойнае выданне, звярнула ўвагу «Наша Ніва». Згодна з каталогам «Белпошты» на першае паўгоддзе 2027 года, часопісы «Полымя», «Маладосць» і «Нёман», якія раней выходзілі штомесяц, выйдуць усяго двойчы — у лютым і красавіку. На «ЛіМ» падпіска закрытая.
Reform.news звязаўся з Ціханам Чарнякевічам, які ў мінулым працаваў у рэдакцыях «Маладосці» і «ЛіМа», і папрасілі яго адказаць на пытанне: ці згадваць гэтыя крокі як прыкмету таго, што дзяржава бачыць у беларускай літаратуры небяспеку (нягледзячы на лаяльнасць праўладнага саюза пісьменнікаў), ці гэта проста банальнае скарачэнне «безграшовых» выданняў?
На думку эксперта, скарачэнне літаратурных часопісаў знаходзіцца ў адным рэчышчы з агульным уразаннем фінансавання беларускай культуры і гуманітарнай сферы.
«Агульна я ўспрымаю гэта ў звязцы са скарачэннямі ў Акадэміі навук, якія адбыліся сёлета. Зусім скора перастануць існаваць як самастойныя многія акадэмічныя інстытуты, асабліва гэта тычыцца гуманітарнай сферы. Скарачэнне фінансавання на літаратурныя выданні знаходзіцца ў гэтым жа рэчышчы. Узровень іх падтрымкі і так быў невялікі, а цяпер, пэўна, уведзены рэжым яшчэ большай эканоміі на дзяржаўным сегменце беларускай культуры», — зазначае Чарнякевіч.
Крытык дадае, што на гэтым фоне абсалютна натуральным выглядае нядаўняе адкрыццё прадстаўніцтва Расійскай акадэміі навук у Мінску:
«Не здзіўлюся, калі і філіі рэдакцый рускіх часопісаў неўзабаве з’явяцца ў тых самых кабінетах».
Ціхан Чарнякевіч падкрэслівае, што працэс аптымізацыі літаратурных медыя цягнецца ўжо больш за 20 гадоў і суправаджаецца бесперапыннымі рэарганізацыямі.
«І “ЛіМ”, і часопісы дзярбаняць дастаткова даўно. У 2002-м забралі самастойнасць, у 2012-м далучылі да “Звязды”, потым да выдавецтва “Мастацкая літаратура”. Быў і яшчэ добры дзясятак то далучэнняў, то закрыццяў, то зліццяў, то перастановак — такое адчуванне, што гэта нейкая ўлюбёная гульня ў напарсткі Алеся Карлюкевіча, які ўсім там кіруе ўжо немаведама колькі гадоў. То-бок пастаянна ішлі спробы давесці, што і так скарачаем, і так эканомім», — тлумачыць крытык.
Аднак пасля 2020 года да адміністрацыйнай эканоміі дадаўся калапс чытацкай аўдыторыі.
«Разам з тым і магутны адток літаратараў за мяжу, і сур’ёзнае падзенне іміджу любых дзяржвыданняў пасля 2020 года яшчэ больш звузілі аўдыторыю гэтых часопісаў. А выгоды прымусовай ведамаснай падпіскі збольшага забіраюць “СБ” і раённа-прафсаюзныя выданні», — падкрэслівае літаратуразнаўца.
Выснова эксперта скіравана да сістэмнага дыягназу: у цяперашніх умовах нават поўная лаяльнасць рэдакцый і аўтараў не выратуе беларускамоўныя праекты ад заняпаду.
«Я не бачу ніякай перспектывы, чаму сёння дзяржава раптам пачала б актыўна ўкладацца ў літаратуру і ў выданні на беларускай мове, хай нават яны лаяльныя і бяззубыя. Пры курсе на мімікрыю да “рускіх са знакам якасці” гэта ўсё абсалютна заканамерны працэс», — рэзюмуе ён.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram