Фото: Белстат
У Беларусі ў кастрычніку 2027 года правядуць пробны перапіс. Пра гэта паведаміла старшыня Белстата Іна Мядзведзева.
“Пробны перапіс у нас адбудзецца ў кастрычніку 2027 года. Абраны Бабруйскі раён. Мы пастараемся папрацаваць з 15 тыс. чалавек, якія будуць з намі працаваць непасрэдна па планшэтах”, — сказала яна, перадае БелТА.
Адначасова ў маштабах краіны будзе запушчаны прататып інтэрнэт-перапісу. Кожны ахвотны зможа пратэставаць праграмнае забеспячэнне.
Сёння Палата прадстаўнікоў у першым чытанні прыняла законапраект “Аб змяненні Закона Рэспублікі Беларусь “Аб перапісе насельніцтва”.
У абноўленым законе прапануецца замацаваць абавязак рэспандэнтаў удзельнічаць у перапісе.
«Замацаванне абавязку рэспандэнтаў удзельнічаць у перапісе насельніцтва дазволіць акцэнтаваць увагу на неабходнасці ўдзелу ў перапісе насельніцтва, павысіць адказнасць і свядомасць пры прадстаўленні дакладных першасных статыстычных даных», — пракаментавала Мядзведзева.
Законапраектам змяняецца парадак устанаўлення катэгорый асоб, якія могуць быць прыцягнутыя ў якасці часовага перапіснога персаналу. Таксама прадугледжваецца знізіць узрост рэспандэнтаў, якія самастойна могуць прадстаўляць першасныя статыстычныя даныя пра сябе, да 15 гадоў (на дату правядзення перапісу насельніцтва).
Таксама ў законе прапісана магчымасць запаўнення рэспандэнтамі перапісных лістоў у інтэрнэце.