Прэзідэнт Yara: рашэнне аб аднаўленні супрацоўніцтва з Беларуссю будзе ўзгадняцца з дэмсіламі

Святлана Ціханоўская правяла сустрэчу са Свэйнам Турэ Хольсетэрам — прэзідэнтам і CEO нарвежскай Yara International на палях Сусветнага эканамічнага форуму ў Давосе. У сустрэчы таксама прыняла ўдзел дырэктар Yara па глабальных пытаннях Сіара Параўскі.

Да падзей 2020 года кампанія Yara была адным з ключавых партнёраў «Беларуськалія» і пакупніком беларускіх калійных угнаенняў. Пасля хвалі рэпрэсій і ўдзелу рэжыму ў поўнамаштабным уварванні ва Украіну Yara спыніла супрацоўніцтва з Мінскам, а таксама падтрымала беларускія прафсаюзы і рэпрэсаваных работнікаў.

Ціханоўская і Хольсетэр абмеркавалі сітуацыю вакол санкцый на калійныя ўгнаенні і верагоднасць аднаўлення супрацоўніцтва з Беларуссю. Прэзідэнт Yara падкрэсліў, што рашэнне аб аднаўленні супрацоўніцтва з Беларуссю будзе ўзгадняцца з Ціханоўскай і дэмакратычнымі сіламі.

Ціханоўская выказала надзею, што Yara вернецца ў Беларусь, калі пачнуцца дэмакратычныя змены, паколькі цяпер супрацоўніцтва з Мінскам толькі ўмацоўвае рэжым, а грошы, атрыманыя ад продажу ўгнаенняў, ідуць на вайну і рэпрэсіі.

На сустрэчы таксама абмяркоўваўся лёс вызваленых прафсаюзных лідараў, у тым ліку Аляксандра Ярашука, і рэпрэсаваных работнікаў «Беларуськалія».

«Дзякуй Yara за прынцыповую пазіцыю і падтрымку. Яшчэ ў 2020 годзе Yara падтрымала беларускіх рабочых, патрабавала вызвалення рэпрэсаваных, дамагалася паляпшэння ўмоў працы. Гэта прыклад сумленнага бізнесу, пабудаванага на каштоўнасцях. З сыходам Лукашэнкі я ўпэўненая, што і Yara, і іншыя кампаніі вернуцца ў Беларусь, прынясуць інвестыцыі і ўмацуюць беларускую эканоміку», — заявіла Ціханоўская.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!