Фота: сацсеткі выдавецтва "Пфляўмбаўм".
Лаўрэаткамі літаратурнай прэміі імя Алеся Адамовіча за 2026 год сталі 18 сучасных беларускіх пісьменніц і ўкладальніца Алена Казлова за анталогію эсэ «Іду да вас, людзі», якая выйшла летась у выдавецтве «Пфляўмбаўм». Цырымонія ўзнагароджання прайшла ў Берліне, паведамляе Беларускі ПЭН.
Узнагароду ўручылі ў межах двухдзённай майстэрні «Cultural Crossroads: Popular Culture, Diaspora, and the Quest for Belonging», арганізаванай Цэнтрам літаратурных і культурных даследаванняў імя Лейбніца (ZfL). Як адзначыла сябра журы Кася Чэкатоўская, прэмія прысуджана «за пошук еднасці ў часы рознагалосся».
Анталогія «Іду да вас, людзі» прысвечана тэме суседства ў шырокім і вузкім сэнсе. У кнізе сабраныя тэксты пра тое, як беларусы пачуваюцца сярод людзей іншых культур або блізкіх да сябе, як узаемаўплываюць адно на аднаго і праз суседства пазнаюць культуру зносін, побыт і ўласную ідэнтычнасць.
З меркаванняў бяспекі частка аўтарак кнігі апублікавала свае эсэ пад псеўданімамі. У спіс лаўрэатак увайшлі: Юля Арцёмава, Таня Арцімовіч, Тафіля Багач, Віка Біран, Ліна Брык, Ева Вежнавец, Вольга Валошкіна, Стэфа Лісоўская, Наста Захарэвіч, Югася Каляда, Зараслава Камінская, Марыя Лапо, Мілана Лявіцкая, Марыя Пархімчык, Ксенія Май, Юлія Чарняўская, Вольга Шпарага і Ганна Янкута.
Пра зборнік «Іду да вас, людзі» раней падрабязна расказваў Reform.news:
«Сэнсавыя кантэксты суседства сёння грунтоўна змясціліся і парадаксальна пашырыліся. Чаму сведчаннем паходжанне назвы зборніка. Фраза «Іду да вас, людзі!» узятае з эсэ Евы Вежнавец, змешчанага замест уступнага слова. У ім яна піша пра ўрокі жыцця, пра тое, як цяжка было зразумець і складана прыйсці да асэнсавання, што суседзі (напрыклад, па планеце Зямля) такія ж уразлівыя, як і ты. І як важна ад нелюбові прыйсці да разумення.
Сімптаматычна, што зборнік пра суседзяў пачаўся ад выказвання нежадання пісаць пра іх, а фраза, вынесеная ў загаловак, напачатку звязвалася з кепскімі асацыяцыямі. Аднак жыццё прымушае суседзяў калі не палюбіць, то навучыцца „варыцца разам зь імі“, падтрымліваючы прастору, дыстанцыю і беражлівую добразычлівасць», – адзначалася ў рэцэнзіі на кнігу.
Літаратурная прэмія імя Алеся Адамовіча заснавана Беларускім ПЭНам у 1995 годзе — праз год пасля смерці пісьменніка і грамадскага дзеяча. Першым старшынёй журы быў Васіль Быкаў, а з 2018 года прэмію падтрымлівае лаўрэатка Нобелеўскай прэміі па літаратуры Святлана Алексіевіч. Узнагародай адзначаюць найлепшыя публіцыстычныя творы года.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram