Прэм’ер Літвы: Беларусь павінна сама стварыць умовы для змены адносін з ЕС

Прэм’ер-міністр Літвы Міндаўгас Сінкявічус у інтэрв’ю Deutsche Welle заявіў, што Вільнюс пакуль не бачыць прыкмет гатоўнасці Беларусі змяніць палітыку ў дачыненні да суседзяў. На яго думку, санкцыі супраць Беларусі павінны захоўвацца да таго часу, пакуль не зменяцца паводзіны беларускіх уладаў.

«Нашы разведвальныя структуры, вядома, інфармуюць нас па сваіх каналах. У нас ёсць і службы ўнутранай бяспекі, і ваенная разведка. На сённяшні дзень узровень пагроз не змяніўся. Ён не стаў значна больш небяспечным. Напружанасць захоўваецца, але няма прыкмет яе рэзкай змены. Тое, што мы гаворым сёння, вядома, не азначае, што праз тыдзень сітуацыя не будзе іншай, таму што часам падзеі развіваюцца вельмі дынамічна і неспрыяльна», — адзначыў ён, адказваючы на пытанне пра сітуацыю з бяспекай.

Сінкявічус падкрэсліў, што Літва сутыкаецца з «інструменталізаванай міграцыяй» з Беларусі, а таксама з залётамі дронаў і метэазондаў, якія выкарыстоўваюцца для кантрабанды і парушаюць працу грамадзянскай авіяцыі.

«Але адначасова мы бачым, што пытанне адлегласці — калі здаецца, што мы з’яўляемся краінай усходняга фланга і што гэта праблема выключна памежных дзяржаў, звязаных з вайной ва Украіне, — мяняецца. Інцыдэнты адбываюцца і ў Германіі, у аэрапорце Лейпцыга. Усё больш краін сутыкаюцца з рознымі падобнымі інцыдэнтамі. І я думаю, што ўсё гэта стварае агульнае адчуванне трывогі ў грамадстве, на якое мы павінны рэагаваць, таму што людзі хочуць адчуваць сябе ў бяспецы. А для таго, каб яе забяспечыць, мы сапраўды робім многае», — адзначыў ён.

Адказваючы на пытанне пра магчымасць нармалізацыі двухбаковых адносін з Беларуссю, ён сказаў, што гэта залежыць не толькі ад пазіцыі Літвы.

«Многія кампаніі і людзі знаходзяцца пад санкцыямі. Адносіны перайшлі ў сітуацыю, калі мы сутыкаемся з інструменталізаванай міграцыяй з Беларусі. Быў час, калі наша мяжа ахоўвалася недастаткова. Магчыма, не хапала абсталявання для назірання. Мы аператыўна гэта выправілі — усталявалі сістэмы назірання. Затым з’явілася праблема паветраных аэрастатаў — тых самых метэазондаў, якія выкарыстоўваюцца для кантрабанды. Акрамя таго, што яны прызначаныя для перамяшчэння кантрабанды, яны парушалі працу нашай грамадзянскай авіяцыі. Мы не раз сутыкаліся з сапраўды сур’ёзнымі наступствамі», — падкрэсліў прэм’ер.

«Я думаю, двухбаковыя адносіны з Беларуссю могуць змяніцца, але санкцыі… У чым іх сутнасць і чаму яны перыядычна падаўжаюцца? Санкцыі прызначаныя для змены паводзін. Калі паводзіны не мяняюцца, то і ў адносінах захоўваецца статус-кво. Пакуль з таго, што мы бачым і што адбываецца, няма прыкмет таго, што Беларусь гатовая стаць прадказальным і адэкватным суседам, які не стварае пагроз для нашай бяспекі. Але гэта не азначае, што так будзе заўсёды. Для гэтага патрэбная палітычная воля. Патрэбныя праактыўныя дзеянні. І ніколі нельга ведаць напэўна, як усё можа павярнуцца», — дадаў ён.

Прэм’ер нагадаў, што Беларусь працягвае падтрымліваць Расію ў вайне супраць Украіны, шэраг беларускіх кампаній дапамагае расійскаму ваенна-прамысловаму комплексу.

«Таму казаць, што Беларусь цалкам трымаецца ўбаку, было б няпраўдай. Пытанне ў тым, калі і ці захоча Беларусь стаць дэмакратычнай і адэкватнай суседняй краінай, якая не ставіць пад пагрозу бяспеку рэгіёна», — сказаў ён.

Літоўскі прэм’ер адзначыў, што лічыць Беларусь і Расію суверэннымі дзяржавамі, нягледзячы на цеснае супрацоўніцтва паміж імі.

«Часам мы бачым прыкметы жадання лідара Беларусі лавіраваць паміж інтарэсамі Захаду і Расіі — жаданне фліртаваць з адміністрацыяй Трампа. Але я не ведаю, колькі тут шчырасці або гэта проста перамоўная і стратэгічная пазіцыя — лавіраваць і атрымліваць выгаду з кожнага боку. Магчыма, гэта імітацыя пэўных працэсаў.

Пры гэтым нельга забываць, што Літва доўгі час прымала многіх лідараў беларускай апазіцыі. Нават пасля намаганняў ЗША па вызваленні апазіцыйных лідараў тыя, хто выйшаў на свабоду або знаходзіўся ў зняволенні, часта прыязджаюць у Вільнюс. Пакуль нейкіх істотных змен у палітычным кіраўніцтве Беларусі не відаць.

Таму чакаць, што нешта можа адбыцца хутка, я б не стаў гэтага прагназаваць. Але я б не прагназаваў і рух ні выключна на Захад, ні выключна на Усход. Я думаю, спадара Лукашэнку, верагодна, задавальняе цяперашні статус-кво», — разважае ён.

Адказваючы на пытанне пра магчымае аднаўленне паставак беларускага калію праз Клайпедскі порт, Сінкявічус заявіў, што Літва пакуль не разглядае такія рашэнні. Ён адзначыў, што дзейныя санкцыі ЕС захоўваюцца да лютага 2027 года.

«Заўсёды існуе пэўная верагоднасць, што Беларусь зменіць сваё стаўленне, пачне паводзіць сябе інакш, не так, як яна паводзіла сябе дагэтуль, і тады можна будзе пра гэта гаварыць. Але пакуль падстаў для гэтага няма, і стварыць гэтыя перадумовы можа толькі сама Беларусь», — сказаў ён.