Праверка манеўраных груп пагранслужбы пачатая ў Беларусі

У Беларусі пачатая праверка боегатоўнасці манеўраных груп тэрытарыяльных органаў пагранічнай службы. Пра гэта паведамляе БелТА са спасылкай на дзяржсакратара Саўбеза Аляксандра Вальфовіча.

Мерапрыемствы працягваюць праверку боегатоўнасці сілавых органаў, якая праводзіцца з пачатку года.

“Упор зроблены на праверку, верагодна, самых мабільных падраздзяленняў ведамства. Адначасова ва ўсіх групах і атрадах органаў пагранічнай службы прыведзеныя ў поўную баявую гатоўнасць манеўраныя групы”, – паведаміў Вальфовіч.

Манеўраным групам ДПК трэба будзе здзейсніць маршы, адпрацаваць дзеянні па нейтралізацыі дыверсійных груп, а таксама прайсці кантрольныя заняткі па агнявой, фізічнай і тактычнай падрыхтоўцы.

“За апошнія тры-чатыры гады манеўраныя групы пагранічных злучэнняў Беларусі зрабілі вялікія крокі ва ўдасканаленні, укамплектаванні і падрыхтоўцы асабовага складу. Гэтая праверка — магчымасць праявіць сябе, паказаць сваю гатоўнасць, рашучасць да выканання задач па ахове Дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь”, – пракаментаваў кіраўнік ДПК Канстанцін Моластаў.

Нагадаем, раней правяраліся падраздзяленні Узброеных сіл, у тым ліку ў абыход Мінабароны. Акрамя таго, была праведзеная праверка гатоўнасці ўнутраных войскаў, тэрытарыяльнай абароны.