Праваабаронцы паведамляюць пра сур’ёзныя праблемы са здароўем у палітвязня Юрыя Бялько

Палітвязень Юрый Бялько, асуджаны на 9 гадоў зняволення, знаходзіцца на турэмным рэжыме ў цяжкім фізічным стане, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».

43-гадовага Юрыя Бялько затрымалі ў верасні 2020 года. Яго абвінавацілі ў падрыхтоўцы да масавых беспарадкаў, знішчэнні маёмасці і незаконным захоўванні зброі. Суд прызначыў яму дзевяць гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Гэта быў самы вялікі тэрмін па «справе чата». З верасня 2020 года за кратамі па справе тэлеграм-чата ўтрымліваюцца 8 палітвязняў.

У зняволенні Бялько неаднаразова змяшчалі ў штрафны ізалятар і памяшканне камернага тыпу, узмацнялі рэжым.

На турэмным рэжыме палітвязень утрымліваецца пяты год. Цяпер ён знаходзіцца ў жодзінскай турме №8. Як паведаміў «Вясне» былы палітвязень, знаёмы з сітуацыяй, Бялько моцна схуднеў і выглядае значна горш, чым да зняволення.

Да арышту ў Бялько з-за моцнага стрэсу пасля страты чатырохгадовага сына пачаліся галаўныя болі. Яму прызначалі рэгулярныя абследаванні, у тым ліку МРТ. Паводле слоў крыніцы, у зняволенні стан мужчыны пагоршыўся: галаўныя болі аднавіліся, павышаецца ціск, ёсць праблемы з пазваночнікам. Ён расказаў, што адзін са зняволеных чуў, як Бялько стогне ад болю ў камеры. Ці атрымлівае палітвязень неабходную медыцынскую дапамогу, невядома.

“У турме ён пакутуе ад болю, яму вельмі дрэнна фізічна. Вельмі спадзяюся, што Юрый трапіць у наступныя спісы на вызваленне. Яго трэба выцягваць адтуль, таму што ён знясілены”, — сказаў крыніца.

Паводле інфармацыі «Вясны», Бялько дазволена набываць тавары ў краме пры ўстанове толькі на адну базавую велічыню ў месяц. Таксама яму дазволена адна бандэроль вагой да двух кілаграмаў у год. За 5 гадоў зняволення яму не дазволілі ніводнага спаткання з роднымі.

Юрый Бялько па адукацыі інжынер СПА, скончыў Ваенную акадэмію, працаваў менеджарам па продажах. Ён стаў фігурантам так званай «справы чата», па якой першапачаткова праходзілі 12 чалавек. Мужчын абвінавачвалі ва ўдзеле ў тэлеграм-чатах «радыкальнага напрамку», падрыхтоўцы да масавых беспарадкаў і пашкоджанні маёмасці. Бялько таксама абвінавачвалі ў незаконных дзеяннях са зброяй пасля ператрусу ў яго гаражы.