Праваабаронцы папярэдзілі пра падробленыя чат-боты «Гомельскай вясны»

Праваабаронцы «Гомельскай вясны» папярэдзілі пра фэйкавыя чат-боты ў Telegram, якія могуць выкарыстоўвацца для пераследу людзей, што звяртаюцца па дапамогу.

Паводле іх інфармацыі, у месенджары выявілі два падробленыя чат-боты з назвамі «Гомельская вясна» і аватарам, выкарыстаным у сапраўдным Telegram-канале.

У «Гомельскай вясне» мяркуюць, што боты маглі стварыць супрацоўнікі сілавых структур, каб выяўляць людзей, якія звяртаюцца да праваабаронцаў па дапамогу, і пасля пераследаваць іх. Праваабаронцы падкрэслілі, што ў арганізацыі ёсць толькі два афіцыйныя каналы сувязі: чат-бот Homiel_Bot і Telegram-акаўнт гомельскага аддзялення «Вясны».

Яны таксама нагадалі, што беларускія ўлады абвясцілі праваабарончыя арганізацыі «экстрэмісцкімі фарміраваннямі», а звароты да іх сілавыя структуры могуць трактаваць як «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці».