Праваабаронцам невядома месцазнаходжанне 139 палітвязняў у Беларусі

Праваабарончаму цэнтру «Вясна» невядома месцазнаходжанне 139 палітвязняў у Беларусі. Інфармацыя пра іх лёс адсутнічае пасля затрымання або суда, паколькі ўлады хаваюць інфармацыю пра рэпрэсіі і ізалююць зняволеных.

Акрамя таго, ужо падчас адбывання пакарання супраць палітвязняў нярэдка распачынаюць новыя крымінальныя справы, у выніку чаго ім павялічваюць тэрміны зняволення. Аднак звесткі пра такія справы і вынесеныя прысуды не заўсёды становяцца вядомыя.

«Вясна» просіць тых, хто валодае інфармацыяй пра месцазнаходжанне палітвязняў або новыя крымінальныя справы супраць іх, паведаміць гэтыя звесткі. Інфармацыю можна перадаць праваабаронцам праз Telegram-акаўнт @Viasnainfo.

.”У мэтах бяспекі вы можаце перадаць такую ​​інфармацыю праз знаёмых, якія знаходзяцца за мяжой”, – адзначаюць праваабаронцы.