Фото: globusbooks.com
Кніга Дароты Міхалюк пра гісторыю БНР была забароненая да распаўсюджання ў Беларусі, бо супярэчыць палажэнням дырэктывы Лукашэнкі аб ідэалогіі і можа нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам Беларусі. Выданне было ўнесена ў спіс забароненых па ініцыятыве пракуратуры Горацкага раёна.
Пракуратура выявіла кнігу «Беларуская Народная Рэспублiка 1918–1929 гг.: ля вытокаў Беларускай дзяржаўнасці» ў продажы ў інтэрнэце і накіравала яе ў Рэспубліканскую камісію па правядзенні ацэнкі сімволікі, атрыбутыкі, інфармацыйнай прадукцыі.
«Згодна з заключэннем Рэспубліканскай камісіі асобныя фрагменты прадстаўленага на ацэнку друкаванага выдання ідуць уразрэз з палажэннямі Дырэктывы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 9 красавіка 2025 г. №12 „Аб рэалізацыі асноў ідэалогіі беларускай дзяржавы“ і могуць нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам краіны», — заяўляе пракуратура.
Міністэрства інфармацыі ўключыла кнігу ў спіс друкаваных выданняў, якія ўтрымліваюць матэрыялы, распаўсюджанне якіх здольнае нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь. Выданне канфіскавана з продажу.