Пракуратура назвала матыў узброенага нападу на дом у Смалявіцкім раёне

Пракуратура накіравала ў суд крымінальную справу ў дачыненні да дваіх 18-гадовых і аднаго 17-гадовага замежных грамадзян. Яна датычыцца нашумелага нападу на прыватны дом у Смалявіцкім раёне, які адбыўся ў лютым гэтага года.

Паводле версіі абвінавачання, 16 лютага абвінавачаныя па ўказанні неўстаноўленых асоб прыехалі да месца жыхарства сямейнай пары, мужчыны 63 гадоў і жанчыны 65 гадоў, у Смалявіцкім раёне. За матэрыяльнае ўзнагароджанне яны павінны былі прычыніць пенсіянерам цялесныя пашкоджанні ў выглядзе пераломаў рук і ног.

У пракуратуры заявілі, што матывам злачынства мог стаць канфлікт дачкі пацярпелых з сужыцелем.

“Жанчына працяглы час пражывае ў адной з краін далёкага замежжа. Пасля яе звароту ў паліцыю па факце збіцця сужыцелем, апошні пагражаў фізічнай расправай над яе бацькамі”, – гаворыцца ў паведамленні.

Каля 4-й раніцы 16 лютага зламыснікі разбілі шкло ў акне і праніклі ў дом. Яны былі ўзброены бейсбольнай бітай і двума пнеўматычнымі пісталетамі. Хлопцы пагражалі пацярпелым забойствам і прычыненнем цяжкіх цялесных пашкоджанняў.

Затым яны збілі сужэнцаў, а таксама 67-гадовага брата гаспадара, які знаходзіўся ў доме.

“Яны нанеслі шматлікія ўдары бітай, рукамі і нагамі, прымусілі пацярпелых стаяць на каленях, прычыняючы ім шматразовы і працяглы боль, а таксама асаблівыя фізічныя і псіхічныя пакуты. Свае дзеянні для справаздачы перад заказчыкам яны фіксавалі на камеру мабільнага тэлефона”, – расказалі ў пракуратуры.

63-гадовы гаспадар дома атрымаў не менш за 23 удары, у яго былі шматлікія раны. У яго жонкі была зламаная плечавая косць правай рукі. Брат гаспадара дома атрымаў удар бітай па галаве. У яго былі пераломы касцей чэрапа.

Гаспадару дома тады ўдалося націснуць кнопку трывожнай сігналізацыі. Нападнікаў затрымаў прыбылы нарад міліцыі.

Траім замежнікам прад’яўлены абвінавачанні ў замаху на наўмыснае прычыненне цяжкіх цялесных пашкоджанняў спосабам, які мае характар катавання, учыненым групай асоб з карыслівых меркаванняў, і наўмысным прычыненні менш цяжкіх цялесных пашкоджанняў (ч.1 арт. 14, ч.3 арт. 147, ч.1 арт. 149 Крымінальнага кодэкса). Усе абвінавачаныя застаюцца пад вартай.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!