Пракуратура хоча канфіскоўваць у чыноўнікаў маёмасць, законнасць якой не пацверджана

Пракуратура хоча ўвесці пастаянны фінансавы маніторынг службовых асоб, а таксама пашырыць прымяненне канфіскацыі па карупцыйных справах. Пра гэта на прэс-канферэнцыі ў Доме прэсы паведаміў старшы пракурор Генпракуратуры Андрэй Федаровічаў.

“У цяперашні час Палата прадстаўнікоў з нашым удзелам ажыццяўляе падрыхтоўку іншых змяненняў, якія прадугледжваюць рэформу інстытута дэкларавання даходаў і маёмасці, і пераход да фінансавага кантролю ў рэжыме рэальнага часу з выкарыстаннем сучасных магчымасцяў інфармацыйных сістэм. Таксама абмяркоўваецца магчымасць канфіскацыі ва ўсіх катэгорый дзяржаўных службовых асоб, іх блізкіх сваякоў маёмасці, законнасць паходжання якой імі не пацверджана. У цяперашні час такая мера можа быць прыменена толькі да службовых асоб, якія займаюць адказнае становішча”, – паведаміў ён.

Паводле яго слоў, сёлета ўлічана 705 карупцыйных злачынстваў, палова з якіх прыпала на Мінск і Мінскую вобласць. У структуры карупцыйных злачынстваў 60% займае хабарніцтва, а 28% – службовыя крадзяжы. У большасці выпадкаў злачынствы звязаныя з правядзеннем закупак, выкананнем дагавораў і распараджэннем дзяржаўнай уласнасцю.

“Генеральнай пракуратурай сёлета распачата крымінальная справа па ч.4 арт. 210 Крымінальнага кодэкса па факце крадзяжу намеснікам кіраўніка аднаго з камбінатаў хлебапрадуктаў Мінскай вобласці і шэрагам іншых асоб больш за 1000 тон насення рапсу коштам 1,4 млн рублёў.

Калі казаць пра прамысловыя прадпрыемствы, то, вядома, там пераважае хабарніцтва. Спынена схема подкупу службовых асоб прамысловых прадпрыемстваў рэспублікі, якая дзейнічала на працягу 10 гадоў, якія атрымлівалі хабар ад прадстаўнікоў групы замежных кампаній за выбар у якасці пастаўшчыкоў прамысловага абсталявання і запасных частак да яго. Да крымінальнай адказнасці ўсяго прыцягнута 21 службовая асоба, у тым ліку топ-менеджары такіх прадпрыемстваў, як БелАЗ, МТЗ, “Атлант”, “Гомсельмаш”, КЗТШ, “Белкард”. Штогод сотні службовых асоб прыцягваюцца да крымінальнай адказнасці за карупцыю.

Толькі сёлета прыцягнута 607 асоб, з іх чацвёра займалі адказнае становішча. За хабарніцтва асуджаныя генеральныя дырэктары “Камунаркі”, “Беларускага цэментнага завода”, “Гродзенскага мясакамбіната” і шэраг іншых высокапастаўленых службовых асоб. У сярэднім, паводле статыстыкі, кожнае пятае карупцыйнае злачынства ў краіне здзяйсняецца кіраўніком дзяржаўнага органа або дзяржаўнай арганізацыі, якія ў сілу артыкула 43 закона “Аб барацьбе з карупцыяй” абавязаныя асабіста прымаць меры па супрацьдзеянні карупцыі ў сябе ў арганізацыі”, – расказаў Федаровічаў.

Сёлета распачатыя 236 крымінальных спраў, звязаных з закупкамі, у тым ліку неабгрунтаваным пасрэдніцтвам.

Пракуратура таксама праводзіць кантроль закупак. Па выніках такіх праверак было ўнесена больш за 1600 актаў нагляду. Да дысцыплінарнай адказнасці прыцягнулі больш за 2,7 тыс. чалавек, а 14 кіраўнікоў пазбавіліся займаных пасад.

“У дасудовым парадку старшыня аднаго з сельскагаспадарчых вытворчых кааператываў Мінскай вобласці пералічыў у бюджэт 22,5 тыс. рублёў, атрыманых ім у якасці аплаты за турыстычную паездку ад прадстаўніка суб’екта гаспадарання, з якім у дадзенага СВК меліся гаспадарчыя ўзаемаадносіны. Яшчэ адзін прыклад – па іску Генеральнай пракуратуры з былога дырэктара аднаго з нафтаперапрацоўчых прадпрыемстваў спагнана ў бюджэт 40 тыс. рублёў, атрыманых ім у якасці аплаты за карпаратыўныя мерапрыемствы, банкеты. У сувязі з дапушчанымі парушэннямі заканадаўства аб закупках па патрабаванні пракурораў адменена больш за 800 працэдур закупак”, – дадаў прадстаўнік Генпракуратуры.

Таксама сёлета да адказнасці за подкуп па КаАП былі прыцягнутыя 70 юрыдычных асоб.