Прайграў нават дзіцячую дапамогу, але «спаліўся» на выйгрышы: як беларуска даведалася, што сын лудаман

Звычайна людзі даведваюцца пра гульнявую залежнасць блізкіх, калі з дому знікаюць грошы і каштоўнасці. Але 23-гадовага беларуса з Бярозаўскага раёна выдала стаўка, якая згуляла: маці знайшла ў паштовай скрыні адрасаваны сыну ліст пра неабходнасць заплаціць падатак на выйгрыш сумай 12 тысяч рублёў. Высветлілася, што хлопец прайграў значна больш. Суд на тры гады забараніў яму азартныя гульні.

За лістом пра выйгрыш пацягнуліся зусім іншыя навіны. Нявестка распавяла, што муж, сярод іншага, прайграў выплаты, якія сям’я атрымала ў сувязі з нараджэннем дзіцяці.

Маштаб стаў зразумелы са звестак Маніторынгавага цэнтра па ігральным бізнесе. У хлопца шэсць гульнявых рахункаў. З ліпеня 2024 года па верасень 2026-га ён правёў 2550 гульнявых аперацый са стаўкамі ад 2 да 3000 рублёў. У маі гэтага года толькі ў адным анлайн-казіно за два дні набралася 26 аперацый на 15 700 рублёў.

У суд у інтарэсах маці звярнуўся пракурор раёна. Сам малады чалавек нічога не адмаўляў: прызнаў, што праз залежнасць ставіць сябе і сям’ю ў цяжкае матэрыяльнае становішча, і супраць забароны не пярэчыў. Прайграную дапамогу ён дагэтуль не вярнуў жонцы, ды і з падаткам на выйгрыш выйшла замінка: на момант, калі прыйшоў ліст з МПЗ, грошай на выплату ў хлопца ўжо не было, і маці давялося яму з гэтым дапамагчы.

Суд абмежаваў яго ў наведванні ігральных устаноў, у тым ліку віртуальных, і ва ўдзеле ў азартных гульнях на тры гады. Такая забарона магчымая, калі чалавек праз залежнасць ставіць сябе і сям’ю ў цяжкае матэрыяльнае становішча. Да суда можна і не даводзіць: гулец мае права сам падаць пісьмовую заяву любому арганізатару азартных гульняў і абмежаваць сябе на тэрмін ад шасці месяцаў да трох гадоў.