«Працягвае знаходзіцца ў ПК-8» – інфармацыя пра перавод Эдуарда Бабарыкі на турэмны рэжым не пацвердзілася

Палітвязень Эдуард Бабарыка, верагодна, працягвае знаходзіцца ў папраўчай калоніі №8. Пра гэта праваабарончаму цэнтру «Вясна» паведаміла яшчэ адна крыніца. Раней праваабаронцы са спасылкай на былога палітвязня паведамілі, што ў канцы мая 2026 года Бабарыку перавялі на турэмны рэжым у гродзенскую турму №1.

Аднак пасля публікацыі гэтай інфармацыі іншая крыніца паведаміла «Вясне», што Бабарыка па-ранейшаму ўтрымліваецца ў калоніі №8.

Эдуард Бабарыка знаходзіцца ў зняволенні амаль 6,5 года. У ліпені 2023 года яго прыгаварылі да 8 гадоў пазбаўлення волі, прызнаўшы вінаватым па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса. Пры гэтым у тэрмін пакарання не ўключылі 1,5 года, якія ён правёў у СІЗА КДБ па першапачатковым абвінавачанні.

Першапачаткова палітвязень адбываў пакаранне ў бабруйскай калоніі №2. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, там ён пастаянна зазнаваў ціск з боку адміністрацыі.

У ліпені 2024 года адбыўся першы суд па артыкуле аб «злосным непадпарадкаванні» адміністрацыі калоніі. Суддзя Павел Карцінін прызначыў Бабарыку яшчэ 2 гады пазбаўлення волі. Пасля разгляду апеляцыі яго перавялі ў папраўчую калонію строгага рэжыму №11 у Ваўкавыску.

Праз 5 месяцаў адміністрацыя гэтай калоніі ініцыявала распачынанне супраць Бабарыкі другой крымінальнай справы па тым жа артыкуле. Вынікі судовага разбору праваабаронцам невядомыя. Пасля суда палітвязня перавялі ў папраўчую калонію № 8.