Праца над разблакіроўкай грошай у Сіцібанку працягваецца – Рыбакоў

Грошы, заблакіраваныя ў Сіцібанку, пакуль не паступілі ў Беларусь. Праца над разблакіроўкай сродкаў працягваецца. Пра гэта заявіў пастаянны прадстаўнік Беларусі пры ААН Валянцін Рыбакоў пасля даклада Аляксандру Лукашэнку.

“Цяпер мы працуем над разблакіроўкай гэтай сумы, каб яна была пераведзена Беларусі”, – сказаў ён, перадае БелТА.

У верасні Аляксандр Лукашэнка заявіў, што 43-44 млн долараў аказаліся заблакіраваныя ў “Сіцібанку”. Гэта сродкі, пералічаныя амерыканскім пакупніком беларускага калію. Месяц таму падчас сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам спецпасланнік прэзідэнта ЗША Джон Коўл заявіў, што паспрыяе ў пытанні разблакіроўкі сродкаў.

Рыбакоў таксама адзначыў, што ўказаная сума – не адзіныя замарожаныя сродкі.

“Была яшчэ другая запазычанасць. Яна пагашаецца. Да канца гэтага года будзе пагашана цалкам. Ніхто не аспрэчвае той факт, што гэта беларускія грошы, яны павінны быць вернутыя. Яны будуць вернутыя. Гэты працэс нейкі час займае, але пытанне вырашаецца”, – сказаў ён.

У выніку Рыбакоў адзначыў, што за месяц, які прайшоў з візіту Коўла, цалкам вырашана толькі адно пытанне – зняцце санкцый з кіраўніка “Беларуськалія”.