Генеральны дырэктар Галоўнага ўпраўлення знешняй бяспекі Францыі Нікаля Лернер на гэтым тыдні наведаў Мінск па даручэнні прэзідэнта Францыі Эманюэля Макрона. Пра гэта паведаміла крыніца выдання «Позірк» у дыпламатычных колах, пацвердзіўшы інфармацыю, якую раней апублікаваў у сацыяльных сетках былы прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта Беларусі Валерый Цапкала.
Паводле сцвярджэння Цапкалы, падчас візіту асаблівая ўвага надавалася пытанням рэгіянальнай бяспекі, захаванню Беларуссю бяз’ядзернага статусу і недапушчэнню яе ўцягвання ў расійска-ўкраінскую вайну.
“Лукашэнка быў папярэджаны аб сур’ёзных палітычных, эканамічных і міжнародна-прававых наступствах, якія могуць наступіць у выпадку далейшай эскалацыі”, — напісаў ён.
Паводле яго слоў, Лукашэнка запэўніў французскі бок, што Беларусь не мае намеру дапускаць агрэсіўных дзеянняў супраць Украіны са сваёй тэрыторыі. Таксама абмяркоўваліся вызваленне палітычных зняволеных, гуманітарная сітуацыя ў Беларусі, перспектывы ўзаемадзеяння з ЕС і санкцыйная палітыка.
“Паводле даных крыніц, Нікаля Лернер ужо далажыў прэзідэнту Францыі аб выніках перамоваў. Прадстаўленая інфармацыя была станоўча ўспрынятая ў Елісейскім палацы”, — дадаў Цапкала.
Пра будучы візіт прадстаўніка Макрона Лукашэнка заявіў 29 мая ў Астане, назваўшы магчымымі датамі 1 або 2 чэрвеня. Тэлефонная размова Макрона і Лукашэнкі адбылася 24 мая.