Польскі пісьменнік Шчэпан Твардах атрымаў прэмію «Nike» за раман «Нуль». Гэта кніга пра ўкраінскую вайну перакладзеная і на беларускую мову

Вядомы пісьменнік Шчэпан Твардах атрымаў польскую Літаратурную прэмію «Nike» 2026 за раман «Нуль». Чытачы свае галасы таксама аддалі за гэтую кнігу.

Кніга даступная і на беларускай мове. Выдавецтва «Янушкевіч» выпусціла «Нуль» у 2025 годзе ў перакладзе Кацярыны Маціеўскай.

Назва «нуль» азначае першую лінію фронту. Дзеянне рамана адбываецца ва Украіне. Аўтар выкарыстаў пры напісанні ўласны досвед знаходжання ва Украіне і гісторыі, пачутыя ад салдат, хоць героі і падзеі – выдуманыя. Твардах падкрэсліваў, што хацеў апісаць вайну як мага бліжэй да рэальнасці – без рамантызацыі фронту і стварэння простага падзелу на герояў і антыгерояў.

Напісана жорстка, ёміста і лаканічна, як умее пісаць толькі Шчэпан Твардах.

Раман узнік з перапляцення шэрагу абставінаў. У іншых інтэрв’ю пісьменнік тлумачыў, што вайна заўсёды была яго тэмай. І ад таго, што гэтая вайна аказалася так блізка, яна пачала прыцягваць яго да сябе «з сілай магніта». Твардах стаў ездзіць ва Украіну, пісаць тэксты. І яго нямецкі выдавец замовіў яму нон-фікшн пра вайну. Аднак нічога не атрымлівалася. «У момант найвялікшага адчаю я пачаў пісаць раман, таму што ўспомніў, што я раманіст», – згадвае Твардах.

«Гэта гісторыя была нам патрэбна, — напісаў у вітанні Вітольд Берэсь, старшыня капітулы ўзнагароды. — Моцная, да болю шчырая проза без аніводнай кроплі таннага патасу».

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram