Польская пракуратура падазрае расійскі след у падпале станцыі Starlink

Польская пракуратура пачала расследаванне пажару на наземнай станцыі спадарожнікавай сувязі Starlink у Волі-Крабоўскай Мазавецкага ваяводства. Расследаванне вядзецца ў сувязі з дзеяннямі, учыненымі ў інтарэсах замежнай разведкі супраць Польшчы, а таксама ўчыненнем акта дыверсіі і злачынства тэрарыстычнага характару шляхам падпалу, паведамляе Нацыянальная пракуратура Польшчы.

Паводле наяўных на сёння даных, пажар адбыўся ў выніку падпалу. Ёсць абгрунтаваныя падазрэнні, што зламыснікі дзейнічалі паводле ўказання расійскіх спецслужбаў з мэтай парушыць працу і інтэрнэт-сувязь сістэмы Starlink у Польшчы і іншых краінах Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, паведамляе пракуратура.

Следства вядуць упраўленне Агенцтва ўнутранай бяспекі (ABW) у Радаме і Цэнтральнае следчае ўпраўленне паліцыі ў Радаме. Абвінавачанні пакуль нікому не выстаўленыя.

Нагадаем, пажар на наземнай станцыі Starlink адбыўся ўвечары 23 верасня.