Фото: Reform.news
Польшча за жнівень дала міжнародную абарону 36 грамадзянам Беларусі. Як вынікае са справаздачы Упраўлення па справах іншаземцаў, 35 чалавек былі прызнаныя бежанцамі, адзін чалавек атрымаў статус дадатковай абароны, 49 грамадзянам Беларусі адмовілі ў міжнароднай абароне, разгляд 17 спраў быў прыпынены.
Трэба адзначыць, што ў жніўні вырасла колькасць станоўчых рашэнняў. Так, у ліпені міжнародная абарона была дадзена толькі 14 беларусам, у той час як 82 атрымалі адмоўныя рашэнні. У чэрвені станоўчыя рашэнні атрымалі 25 чалавек, а адмовы ў міжнароднай абароне — 52 чалавекі.
Усяго з пачатку года Упраўленне па справах іншаземцаў вынесла рашэнні па 1010 справах беларускіх просьбітаў прытулку. У студзені-жніўні статус бежанца атрымаў 281 грамадзянін Беларусі, дадатковую абарону — 377 чалавек, 214 беларусам было адмоўлена ў міжнароднай абароне, а разгляд 138 спраў спынілі.
На 1 верасня Упраўленне працягвала разглядаць 3212 спраў беларусаў, у тым ліку 2954 у першай інстанцыі, а 258 у другой. За жнівень колькасць спраў у першай інстанцыі скарацілася ўсяго на пяць, а ў другой — вырасла на 63.
Дакументы, якія даюць права на знаходжанне ў Польшчы, на 1 верасня мелі 131,42 тыс. грамадзян Беларусі. За жнівень іх колькасць знізілася на 1637 чалавек, што можа быць звязана са сканчэннем тэрміну дзеяння дазволаў на жыхарства і працяглымі працэдурамі іх разгляду.
На 1 верасня беларусы ў Польшчы мелі:
За жнівень Упраўленне па справах іншаземцаў выдала 1477 станоўчых рашэнняў па часовых дазволах на жыхарства, 230 — па пастаянных дазволах на жыхарства, 106 — па доўгатэрміновым рэзідэнцтве ЕС.
Упраўленне ў жніўні адмовіла ў выдачы часовага дазволу на жыхарства 174 заяўнікам, пастаяннага дазволу на жыхарства — 97, а ў статусе доўгатэрміновага рэзідэнта ЕС — 14 грамадзянам Беларусі.
З пачатку года часовыя дазволы на жыхарства былі выдадзеныя 15 612 беларусам, пастаянныя — 2478, а доўгатэрміновае рэзідэнцтва ЕС — 702 грамадзянам Беларусі.