Польшча ў верасні прадаставіла міжнародную абарону 24 грамадзянам Беларусі

Польшча за верасень прадаставіла міжнародную абарону 24 грамадзянам Беларусі. Як вынікае са справаздачы Упраўлення па справах іншаземцаў, 21 чалавек быў прызнаны бежанцам, 3 чалавекі атрымалі статус дадатковай абароны, 52 грамадзянам Беларусі адмовілі ў міжнароднай абароне, разгляд 12 спраў быў прыпынены.

Усяго за верасень упраўленне разгледзела 88 спраў грамадзян Беларусі.

У параўнанні са жніўнем колькасць станоўчых рашэнняў знізілася. Тады іх было 36, а колькасць адмоў засталася прыкладна на тым жа ўзроўні. У ліпені міжнародная абарона была прадастаўлена толькі 14 беларусам, у той час як 82 атрымалі негатыўныя рашэнні. У чэрвені станоўчыя рашэнні атрымалі 25 чалавек, а адмовы ў міжнароднай абароне — 52 чалавекі.

Усяго з пачатку года Упраўленне па справах іншаземцаў вынесла рашэнні па 1098 справах беларускіх просьбітаў прытулку. У студзені-верасні статус бежанца атрымалі 302 грамадзяніны Беларусі, дадатковую абарону — 380 чалавек, 266 беларусам было адмоўлена ў міжнароднай абароне, а разгляд 150 спраў спынілі.

На 1 кастрычніка Упраўленне працягвала разглядаць 3212 спраў беларусаў, у тым ліку 2914 у першай інстанцыі, а 289 у другой. За верасень колькасць спраў у першай інстанцыі скарацілася на 40, а ў другой — вырасла на 31. Агульная колькасць спраў беларусаў, якія разглядаюцца Упраўленнем, за верасень не змянілася.

Дакументы, якія даюць права на знаходжанне ў Польшчы, на 1 кастрычніка мелі 129,83 тыс. грамадзян Беларусі. За жнівень іх колькасць знізілася на 1589 чалавек, што можа быць звязана са сканчэннем тэрміну дзеяння відаў на жыхарства і працяглымі працэдурамі іх разгляду.

На 1 кастрычніка беларусы ў Польшчы мелі:

  • 74 573 часовыя віды на жыхарства,
  • 41 152 пастаянныя віды на жыхарства,
  • 9748 статусаў дадатковай абароны,
  • 2700 статусаў доўгатэрміновых рэзідэнтаў ЕС,
  • 1272 статусы бежанца,
  • 210 знаходзіліся на ўмовах часовай абароны,
  • 176 мелі іншыя статусы.

За верасень Упраўленне па справах іншаземцаў выдала 1868 станоўчых рашэнняў па часовых відах на жыхарства, 281 — па пастаянных відах на жыхарства, 108 — па доўгатэрміновым рэзідэнцтве ЕС.

Упраўленне ў верасні адмовіла ў выдачы часовага віду на жыхарства 147 заяўнікам, у пастаянным відзе на жыхарства — 102, а ў статусе доўгатэрміновага рэзідэнта ЕС — 17 грамадзянам Беларусі.

З пачатку года часовыя віды на жыхарства былі выдадзеныя 17 480 беларусам, пастаянныя — 2759, а доўгатэрміновае рэзідэнцтва ЕС — 810 грамадзянам Беларусі.

Сёлета ўпраўленне таксама выдала 5680 польскіх праязных дакументаў грамадзянам Беларусі. Яны могуць атрымаць іх у спрошчаным парадку, калі заканчваецца тэрмін дзеяння беларускага пашпарта, а вярнуцца на радзіму для яго пераафармлення па розных прычынах немагчыма. Упраўленне прагназуе, што па выніках года колькасць выдадзеных праязных дакументаў можа перавысіць 7,5 тыс.