Польшча абнавіла рэкорд міграцыйнага прыросту

Польшча па выніках 2025 года абнавіла рэкорд міграцыйнага прыросту насельніцтва, гаворка ідзе пра пастаяннае месца жыхарства. На гэта ўказваюць даныя Галоўнага статыстычнага ўпраўлення, апублікаваныя на гэтым тыдні. Асноўны ўклад у міграцыйны прырост уносяць беларусы і ўкраінцы.

У 2025 годзе з Польшчы на пастаяннае месца жыхарства выехаў 10 181 чалавек, а прыехалі ў краіну 21 087. Міграцыйны прырост склаў 10 906 чалавек.

Асноўны ўклад унёс міграцыйны абмен з Беларуссю і Украінай. Так, калі ў Беларусь з Польшчы з’ехалі 5 чалавек, то з Беларусі на пастаяннае месца жыхарства прыехалі 2849 чалавек. Ва Украіну з’ехалі 39 чалавек, а прыехалі з краіны 6397 чалавек.

Прыкметны адток назіраецца толькі ў напрамку Германіі. У мінулым годзе з Польшчы туды з’ехалі 3129 чалавек, а прыбылі 2656.

Міграцыйны абмен з Вялікабрытаніяй, якая калісьці была адным з галоўных напрамкаў ад’езду палякаў, цяпер складваецца на карысць Польшчы. У мінулым годзе ў Злучанае Каралеўства адправіліся 2247 чалавек, а прыехалі адтуль 2496.

Трэба адзначыць, што міграцыйны прырост у Польшчы фіксуецца з 2016 года.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!