План ваеннага супрацоўніцтва Беларусі і РФ уключае 160 мерапрыемстваў

План ваеннага супрацоўніцтва Беларусі і Расіі на 2026 год уключае 160 мерапрыемстваў. Пра гэта на пасяджэнні сумеснай калегіі міністэрстваў абароны дзвюх краін заявіў кіраўнік беларускага абароннага ведамства Віктар Хрэнін.

Ён падкрэсліў, што Беларусь і РФ з’яўляюцца стратэгічнымі саюзнікамі і партнёрамі, якія звязаны не толькі дагаворнымі абавязацельствамі, але і агульнымі каштоўнасцямі, гісторыяй і адказнасцю за бяспеку на прасторы Саюзнай дзяржавы.

“Мінулы перыяд стаў для нашых абаронных ведамстваў перыядам інтэнсіўнай і змястоўнай працы. Мы перайшлі да практычнай рэалізацыі Праграмы стратэгічнага партнёрства ў ваеннай галіне на 2026-2030 гады, зацверджанай на папярэднім пасяджэнні калегіі ў Маскве. План двухбаковага ваеннага супрацоўніцтва на 2026 год уключае больш за 160 сумесных мерапрыемстваў, большасць з якіх — практычная адпрацоўка задач: вучэнні, трэніроўкі, зборы, абмен вопытам”, – сказаў ён.

Паводле слоў Хрэніна, падрыхтоўка войскаў вядзецца з улікам сучаснага характару ўзброенай барацьбы, у тым ліку з выкарыстаннем вопыту вайны РФ супраць Украіны.

“Вопыт, атрыманы ў рэальных баявых умовах, — беспілотныя сістэмы, сродкі радыёэлектроннай барацьбы, рабатызаваныя комплексы, новыя тактычныя прыёмы — неадкладна ўкараняецца ў сістэму падрыхтоўкі беларускай арміі. Расійскія калегі дзеляцца з намі перадавымі напрацоўкамі і гэта адзін з самых каштоўных бакоў нашага саюза”, – сказаў ён.

Таксама працягваецца ваенна-тэхнічнае супрацоўніцтва, ідзе пастаўка прадукцыі ваеннага прызначэння, паглыбляецца кааперацыя ВПК.

“Развіццё атрымлівае і ядзернае стрымліванне на тэрыторыі Саюзнай дзяржавы — у інтарэсах стратэгічнага парытэту і стрымлівання патэнцыйнага агрэсара», – адзначыў ён.

Хрэнін назваў абстаноўку вакол дзвюх краін “складанай і дынамічнай”, указаў на актыўную вучэбна-баявую і разведвальную дзейнасць ля межаў, нарошчванне сіл усходняга фланга НАТА.

“У гэтых умовах наша сумесная праца — не фармальнасць, а практычная неабходнасць. Менавіта адзінства Беларусі і Расіі дазваляе стабільна ўтрымліваць сітуацыю ў рэгіёне пад кантролем», – канстатаваў ён.

Фота: Мінабароны
Фота: Мінабароны
Фота: Мінабароны
Фота: Мінабароны