“Пісалі скаргі ў розныя інстанцыі”. Міліцыя затрымала вымагальнікаў

МУС паведаміла аб затрыманні чатырох мужчын, якія вымагалі ў бізнесмена долю ў яго кампаніі. У якасці інструмента ціску яны выкарыстоўвалі шматлікія скаргі ў розныя інстанцыі.

“53-гадовы ўраджэнец суседняй краіны, з’яўляючыся саўладальнікам аднаго з прадпрыемстваў Оршы, у змове з трыма жыхарамі Віцебшчыны наўмысна распаўсюджвалі звесткі, якія ганьбяць 59-гадовага сузаснавальніка фірмы і яго сям’ю. Фігуранты пісалі скаргі ў розныя інстанцыі, у якіх наўмысна перабольшвалі парушэнні, якія маюцца ў арганізацыі”, – гаворыцца ў паведамленні прэс-службы МУС.

Паводле версіі міліцыі, падчас асабістых сустрэч з пацярпелым фігуранты патрабавалі за нераспаўсюджванне звестак перааформіць на іх долю бізнесу коштам каля 350 тыс. рублёў.

Распачатая крымінальная справа за вымагальніцтва групай асоб у асабліва буйным памеры.