Першы дзень перамоваў у Абу-Дабі будзе прысвечаны гарантыям і архітэктуры бяспекі

Сёння ў Абу-Дабі стартуюць двухдзённыя перамовы паміж Украінай, ЗША і Расіяй. Паводле інфармацыі расійскіх СМІ, яны павінны пачацца каля 11 раніцы.

Як піша Politico са спасылкай на амерыканскіх чыноўнікаў, першы дзень будзе прысвечаны гарантыям бяспекі Украіны і патэнцыйнаму змяненню архітэктуры бяспекі ў Еўропе. У другі дзень будуць разглядацца тэрытарыяльныя пытанні.

Выданне таксама адзначае, што амерыканскія перамоўшчыкі Джарэд Кушнер і Стыў Уіткаф хочуць зрабіць будучую сустрэчу апошняй без удзелу прадстаўнікоў Еўропы. Дэлегацыя ЕС будзе прысутнічаць у ААЭ. Амерыканскія перамоўшчыкі правядуць з ёй кансультацыі, але непасрэднага ўдзелу ў перамовах яна прымаць не будзе. Аднак ЗША хацелі б у наступным раўндзе бачыць еўрапейцаў ужо ў якасці паўнавартасных удзельнікаў.

Крыніцы выдання таксама паведамілі, што Расія і Украіна праявілі гнуткасць па самым складаным тэрытарыяльным пытанні.