Перавозчыкаў мігрантаў будуць судзіць у Свіслацкім раёне

Пракуратура накіравала ў суд крымінальную справу ў дачыненні да трох асоб, звязаных з перавозкай мігрантаў. Ім інкрымінуюцца махлярства, прысваенне ўлады і арганізацыя незаконнай міграцыі.

Паводле версіі абвінавачання, у адным з эпізодаў фігурант справы прывёз некалькіх мігрантаў у загадзя абумоўленае месца ў Свіслацкім раёне. Там іх чакаў саўдзельнік у форме памежніка.

“Пад падставай правядзення асабістага вобшуку ілжэпамежнік запатрабаваў ад замежных грамадзян выйсці з транспартнага сродку, перакласці рэчы і зберажэнні ў машыну саўдзельніка. Завалодаўшы грашыма і маёмасцю мігрантаў на агульную суму амаль 1,5 тыс. рублёў, фігуранты схаваліся”, — расказалі ў пракуратуры.

Іншым разам адзін з абвінавачаных за 350 долараў прывёз з Маладзечна ў Свіслацкі раён пецярых замежнікаў. Ён таксама купіў і перадаў ім рыдлёўку і два балтарэзы. Замежнікі ў выніку не змаглі перасекчы мяжу. Іх затрымалі беларускія памежнікі.

Абвінавачаныя застаюцца пад падпіскай аб нявыездзе.