Інсталяцыя да мінскай прэм'еры стужкі "Бацька Мінай. Партызанская легенда". Фота: Белта.
Галоўную ўзнагароду XXXII міжнароднага кінафестывалю «Лістапад» — Гран-пры «Золата Лістапада» — атрымала ваенна-гістарычная драма «Бацька Мінай. Партызанская легенда». Расійскі рэжысёр і пракрэмлёўскі дзеяч Ігар Угольнікаў плануе паказаць шырокаму гледачу ідэалагічную карціну пра партызана Міная Шмырова ўжо на пачатку наступнага года: у лютым 2027-га яе абяцаюць выпусціць у шырокі пракат у «ад Брэста да Курылаў».
Нагадаем, што ў цэнтры сюжэта карціны — трагічны і гераічны лёс Героя Савецкага Саюза, камандзіра партызанскай брыгады Міная Шмырова, які страціў чатырох дзяцей, але не пайшоў на здзелку з акупантамі. Галоўную роль у фільме выканаў расійскі актор Аляксей Краўчанка, вядомы па ролі Флёры ў стужцы «Ідзі і глядзі».
Карціна ў чарговы раз эксплуатуе ваенна-патрыятычную тэматыку. Пры гэтым на цырымоніі ўзнагароджання Угольнікаў зрабіў заяву, спалучаючы супярэчлівыя наратывы пра вайну і мір:
«Атрымліваць прыз у маім любімым Мінску ганарова, важна. З часоў выхаду карціны «Брэсцкая крэпасць» прайшло ўжо 16 гадоў (Угольнікаў выступаў прадзюсарам карціны – Reform.news), і вось цяпер, сёння, мы атрымліваем гэтую ўзнагароду. Хочацца, каб мы спыніліся здымаць фільмы пра вайну, але памяць жывая. Яна з намі ўвесь час, таму мы павінны памятаць і расказваць нашым дзецям», — адзначыў ён.
Асобна рэжысёр выказаўся пра будучыню стужкі і глядацкі фідбэк, адкрыта падзяліўшы аўдыторыю дзвюх краін:
«Прызы, вядома, гэта таксама важна. Спадзяюся, што ў гэтай карціны будзе вялікая фестывальная судьба, але перш за ўсё ў яе павінна быць глядацкая судьба. І галоўным чынам мне хацелася б, каб у Расіі… Я за Беларусь не хвалююся, разумею, што глядач на такую карціну тут, у Беларусі, пойдзе і будзе яе глядзець. А вось за расійскага гледача трэба пазмагацца, каб завабіць яго на гэты фільм».
Гэта заява выдатна ілюструе ставленне аўтараў да мясцовага кантэксту: беларускі глядач апрыёры лічыцца гарантаваным складнікам пракатнай статыстыкі (якую лёгка забяспечыць адміністрацыйным рэсурсам), у той час як расійскі карыстальнік больш вольны ў сваім выбары, ды і кіно Угольнікава ёсць з кім канкураваць на агітацыйным полі.
Асобнай увагі заслугоўвае арганізацыйны бок гэтай «трыўмфальнай» перамогі. «Бацька Мінай» — гэта сумесны праект расійскага «ВаенФільма» і Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм». Пры гэтым менавіта «Беларусьфільм» з’яўляецца афіцыйнай дырэкцыяй фестывалю «Лістапад». У выніку дырэкцыя фестывалю фактычна прысуджае галоўны прыз свайму ж уласнаму прадукту.
Сёння Гран-пры «Золата Лістапада» вырашае прызначанае журы, якое сёлета ўзначаліў народны артыст Беларусі Аляксандр Яфрэмаў, стужка якога «Ліст чакання» ўдзельнічала пазалетась у мінскім форуме. Перамога «Бацькі Мінай» — гэта трыўмф у герметычным акварыуме, дзе адсутнічае незалежная канкурэнцыя, а галоўныя ўзнагароды размяжоўваюцца паміж «сваімі» для лабараторнага разагрэву перад будучай пракатнай агітацыяй.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram