Фото: pexels.com
Ініцыятыва «Белыя халаты» вывучыла вучэбна-метадычны дапаможнік «Сямейнае перадабортнае кансультаванне» і прыйшла да высновы, што ён уяўляе сабой матэрыялы па псіхалагічным гвалце над чалавекам, які знаходзіцца ва ўразлівым становішчы.
Беларускае заканадаўства прадугледжвае права жанчыны на аборт, але таксама змяшчае расплывістую фармулёўку аб перадабортным псіхалагічным кансультаванні.
«Жанчына, якая звярнулася па правядзенне штучнага перапынення цяжарнасці, мае права вызначыць членаў сям’і, у дачыненні да якіх можа праводзіцца перадабортнае псіхалагічнае кансультаванне. Перадабортнае псіхалагічнае кансультаванне праводзіцца з выкананнем патрабаванняў заканадаўства ў сферы аказання псіхалагічнай дапамогі», — гаворыцца ў артыкуле 27 закона «Аб ахове здароўя». Пры гэтым у законе не гаворыцца пра магчымасць адмовіцца ад такой кансультацыі.
«Нават самі беларускія юрысты адзначаюць, што гэтыя правілы вельмі нявызначаныя», — пішуць «Белыя халаты».
Так, у 2019 годзе кандыдат юрыдычных навук, дацэнт кафедры тэорыі і гісторыі дзяржавы і права Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта Дыяна Берагаўцова заяўляла, што ў адных рэгіёнах Беларусі кансультаванне абавязковае перад абортам, а ў іншых не. У Барысаве, напрыклад, у перынатальным цэнтры псіхолаг для гутаркі з жанчынамі прыцягвае ўрача і святара.
«Не зусім зразумела, як гэта суадносіцца з прынцыпамі свецкай дзяржавы, якой з’яўляецца Беларусь і ў якой кожны мае права вызнаваць любую рэлігію або не вызнаваць ніякай. Акрамя таго, мяркуем, што з выкладзенай вышэй нормы Закона «Аб ахове здароўя» вынікае права жанчыны на правядзенне перадабортнага псіхалагічнага кансультавання, а не абавязак прайсці дадзенае кансультаванне», — адзначала Берагаўцова.
Вучэбна-метадычны дапаможнік «Сямейнае перадабортнае кансультаванне» змяшчае інструкцыі для псіхолагаў, як прымусіць жанчыну адмовіцца ад аборту. У метадычцы прыводзіцца табліца з контраргументамі на магчымыя аргументы жанчыны за аборт.
Напрыклад, калі жанчына адчувае фінансавыя цяжкасці, псіхолаг павінен змяніць стаўленне жанчыны да каштоўнасці жыцця дзіцяці, паказаць дзяржаўныя рэсурсы, растлумачыць, што дзіця «не патрабуе вялікіх матэрыяльных выдаткаў». У выпадку, калі жанчына занепакоеная сваёй кар’ерай, псіхолаг павінен растлумачыць, што: «прафесійная самарэалізацыя дае толькі часовае пачуццё самадастатковасці, а каштоўнасць мацярынства вышэй».
«Па сутнасці мы бачым перад сабой падрабязную метадычку па псіхалагічным гвалце над чалавекам, які знаходзіцца ва ўразлівым становішчы», — робіць выснову ініцыятыва «Белыя халаты».