Фото: VSAT
У Беларусі будуць судзіць пецярых “паветраных” кантрабандыстаў. Яны абвінавачваюцца ў перакідцы цыгарэт у Літву і Польшчу з дапамогай метэазондаў. Усе абвінавачаныя – жыхары Воранаўскага раёна. Пракуратура накіравала крымінальную справу ў суд.
Паводле версіі абвінавачання, чацвёра мужчын ва ўзросце да 45 гадоў і адзін пенсіянер з чэрвеня 2025 года па сакавік 2026 года рэгулярна куплялі скрынкі цыгарэт у ААТ “Гродзенская тытунёвая фабрыка “Нёман”. У кожнай скрынцы было па 500 пачкаў цыгарэт. Затым тытунёвыя вырабы з дапамогай метэазондаў адпраўлялі ў Літву і Польшчу з тэрыторыі Воранаўскага, Браслаўскага і Камянецкага раёнаў.
“У сакавіку 2026 года мужчыны мелі намер перамясціць аналагічным спосабам у Рэспубліку Польшча астатнія 36 скрынак з цыгарэтамі, якія захоўваліся ў адной з прыгранічных вёсак Камянецкага раёна. Аднак іх супрацьпраўную дзейнасць спынілі супрацоўнікі праваахоўных органаў.
Падчас агляду месца здарэння на тэрыторыі Камянецкага раёна канфіскаваныя камплектуючыя прадметы для падрыхтоўкі метэазондаў да запуску, балоны з вадародам і тытунёвыя вырабы”, – гаворыцца ў паведамленні.
Даход групы ацэнены ў 317 тыс. рублёў.
Двум фігурантам, якія ўзначальвалі групу і кіравалі ёю, прад’яўленыя абвінавачанні ў саўдзеле ў незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці і незаконным перамяшчэнні тавараў праз межы.
Тром фігурантам прад’яўленыя абвінавачанні ў незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці і незаконным перамяшчэнні тавараў праз межы. Паводле версіі абвінавачання, менавіта яны займаліся набыццём прадметаў для падрыхтоўкі метэазондаў да запуску, выконвалі работы па пагрузцы-разгрузцы балонаў з вадародам і скрынак з тытунёвымі вырабамі, упакоўвалі цыгарэты, а таксама назіралі за тэрыторыяй і навакольнай абстаноўкай для папярэджання аб набліжэнні аўтамабіляў і асоб.
Усе абвінавачаныя застаюцца пад вартай.
Нагадаем, рэгулярныя залёты метэазондаў з цыгарэтамі з Беларусі ў Літву і Польшчу з’яўляюцца адной з прычын напружанасці ў адносінах Мінска і суседніх краін. Асабліва востра праблема стаіць у Літве, дзе з-за метэазондаў часта парушаецца праца аэрапорта Вільнюса. Літва летась нават закрывала мяжу з Беларуссю ў адказ на пачашчэнне залётаў.