Павышэнне цэн на угнаенні для аграрыяў будуць узгадняць з урадавай камісіяй

Саўмін Беларусі ўстанавіў парадак узгаднення павышэння цэн на ўгнаенні трох буйных беларускіх вытворцаў для ўнутранага рынку. Гэта прадугледжана пастановай №525 ад 16 кастрычніка, апублікаванай 20 кастрычніка на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
Дакумент датычыцца азотных угнаенняў «Гродна Азота», фосфарных угнаенняў «Гомельскага хімічнага завода» і калійных угнаенняў «Беларуськалія».

Павышэнне адпускных цэн у рамках рэгуляваных цэн, а таксама павышэнне такіх цэн Міністэрствам антыманапольнага рэгулявання і гандлю неабходна ўзгадняць з Камісіяй па пытаннях дзяржаўнага рэгулявання цэнаўтварэння пры Саўміне.

Парадак распаўсюджваецца на пастаўкі юрыдычным асобам і іх адасобленым падраздзяленням, асноўнай дзейнасцю якіх з’яўляюцца раслінаводства і жывёлагадоўля, а таксама арганізацыям, якія абслугоўваюць сельскую гаспадарку. Акрамя таго, ён датычыцца ўгнаенняў, якія пастаўляюцца Гомельскаму хімзаводу для вытворчасці комплексных азотна-фосфарна-калійных угнаенняў.

Падставай для разгляду павышэння цэн стануць звароты канцэрна «Белнафтахім» і «Беларуськалія». Урадавая камісія будзе ўзгадняць рашэнні з Мінсельгасхарчам і МАРГ.

Раней урад паведамляў пра планы змяніць фінансаванне закупак мінеральных угнаенняў для сельскай гаспадаркі. Паводле слоў міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Юрыя Горлава, з 2028 года прапануецца аплачваць палову кошту за кошт кансалідаванага бюджэту, а другую палову — за кошт сельгасарганізацый. Пры гэтым бюджэтныя сродкі будуць пералічваць вытворцам толькі пасля аплаты гаспадаркамі сваёй часткі. Гэта пакуль прапанаваная схема.

Горлаў тлумачыў неабходнасць змен тым, што на працягу года даводзіцца звяртацца па дадатковыя крыніцы фінансавання закупак. Ён таксама паведамляў пра даручэнне Аляксандра Лукашэнкі кантраляваць цэнаўтварэнне на мінеральныя ўгнаенні і прапанову разглядаць гэтае пытанне на камісіі пры Саўміне. Прынятая пастанова замацоўвае менавіта такі механізм узгаднення павышэння цэн.