Паветраная трывога абвяшчалася ў Літве, Латвіі і Эстоніі з-за беспілотнікаў

Сёння ўначы паветраная трывога абвяшчалася ў Літве і Латвіі з-за беспілотнікаў. У інцыдэнтах фігуравалі аб’екты, якія ляцелі з боку Беларусі.

Першы раз трывога ў Літве абвяшчалася перад поўначчу.

«Першае паведамленне паступіла да нас каля 23:00 — нас праінфармавалі пра набліжэнне беспілотніка з беларускага боку ў напрамку Швянчоніса і Ігналіны. Прыкладна праз паўгадзіны стала зразумела, што гэтая інфармацыя не пацвярджаецца — аб’ект не перасёк літоўскую мяжу, хутчэй за ўсё, ён паляцеў у Латвію”, – расказаў LRT кіраўнік Нацыянальнага цэнтра кіравання крызіснымі сітуацыямі Вілмантас Віткаўскас.

У Латвіі паветраная трывога абвяшчалася, пачынаючы з 23:25, у некалькіх рэгіёнах. У 0:35 яна была адменена. Трывога закранула Краслаўскі, Лудзенскі, Аўгшдаўгаўскі і Балвскі краі.

Другі інцыдэнт адбыўся пазней. Беспілотнік набліжаўся да літоўскай мяжы з боку Гродна.

«У паўднёвай частцы Літвы развівалася іншая сітуацыя. Была атрымана інфармацыя пра тое, што беспілотнік набліжаецца да Друскінінкая з боку Гродна. Затым ён, хутчэй за ўсё, ненадоўга заляцеў на польскую тэрыторыю ў раёне Лаздзіяя, пазней вярнуўся ў Літву і, мяркуючы па атрыманых намі паведамленнях, рушыў з Марыямпале ў паўночным напрамку. Ён перасёк мяжу ў Пасвальскім раёне і заляцеў у Латвію», – расказаў Віткаўскас.

У Латвіі трывога абвяшчалася з 1:09 да 2:16 у раёне Балві. Затым з 2:30 папярэджанне абвяшчалася для паветаў, якія мяжуюць з Літвой, пазней аб’ект накіраваўся на поўнач. Трывога гучала ў Мадоне, Цэсісе, Смілтэне і Гулбене.

Адзін з аб’ектаў з Латвіі заляцеў у Эстонію. Тут паветраная трывога была абвешчана пасля 3 гадзін ночы. Яна дзейнічала на працягу больш як трох гадзін і ахоплівала паўднёвую і ўсходнюю часткі краіны.

У Літве, Латвіі і Эстоніі падымаліся ў паветра знішчальнікі краін НАТА, аднак пра збіццё беспілотнікаў не паведамляецца.

У Літве парушалася праца аэрапортаў Вільнюса і Каўнаса. У Латвіі і Эстоніі паветраныя гавані працавалі без перабояў.

Паветраная трывога ў краінах Балтыі гучала на фоне налёту на Ленінградскую вобласць. Вядома пра ўдары па порце ва Усць-Лузе.